Змаганне ўладаў з “экстрэмізмам” часам пераходзіць разумныя межы



Змаганне беларускіх уладаў з “экстрэмізмам” часам пераходзіць усе разумныя межы. Унясенне летась у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дзвюх абрэвіятур супраць міліцыі ўскладніла працу судовай сістэмы, міліцыянты склалі сотні пратаколаў. А пачалося ўсё з затрымання ў Воршы футбольнага фаната. Кажа праваабаронца Ігар Казмерчак:

– Гэта была ініцыятыва аршанскіх  міліцыянтаў, каб гэтыя дзве абрэвіятуры, якія быццам абражаюць міліцыянтаў, патрапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі гэта адбывалася ў Воршы, можа міліцыянты не разумелі гэтага, альбо гэта быў усё ж такі загад зверху. Калі гэта ініцыяваў канкрэтна міліцыянт проста таму, што яму не спадабалася, то ён зрабіў вялікае глупства і вялікую праблему для ўсёй праваахоўнай сістэмы рэспублікі.

З таго часу, па інфармацыі праваабаронцы, у Беларусі за выкарыстанне абрэвіятуры былі прысуджаныя да штрафаў дзясяткі людзей як мінімум у трох гарадах краіны — Воршы, Гародні і Магілёве. Прычым некалькі разоў суды адбываліся за выкарыстанне абрэвіятур за некалькі гадоў да ўнясення іх у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Некаторыя асуджаныя пасля прысудаў прызнаваліся, што нават не памяталі, калі і дзе публікавалі фотаздымак, песню ці надпіс з адпаведнай інфармацыяй. Праваабаронцы расцэньваюць гэта як чарговую спробу ўладаў папаўняць бюджэт за кошт штрафаў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Фота: скрыншот з YouTube