Змаганне за кар’ер



У Бярозаўскім раёне з надыходам купальнага сезону зноў пачаліся скандалы за купанне ў крэйдавым кар’еры ля вёскі Кабакі. Ужо складзены міліцыяй першыя пратаколы за купанне ў кар’еры.

І так цягнецца ўжо другі сезон запар, гаворыць дэпутат мясцовага савета Валер Білібуха:

— Летась я збіраў подпісы, каб знялі гэтую забарону. 150 подпісаў было сабрана. Яны кажуць, што гэта тэхнічны кар’ер. Тэхнічны ж кар’ер — гэта калі ён распрацоўваецца, а ён не дзейнічаючы, закансерваваны. Гэта самая чыстая вада ў раёне.

І ў гэтым сезоне, нягледзячы на забарону купання, паплаваць у блакітнай, чысцюткай вадзе прыязджае шмат людзей з розных месцаў. Яны кіруюцца ў сваім жаданні пакупацца ў добрым месцы, зыходзячы са здаровага сэнсу, гавораць адпачываючыя ля кар’ера:

— Вада тут чыстая.

— Я пастаянна сюды езджу з Бярозы, мне вельмі падабаецца. Паўсюль усё забаронена апрача Сельца, а там вада зялёная. Туды нават ехаць не хочацца. Дык дзе купацца?

Паводле Валеры Білібухі, вялікіх затрат, каб акультурыць гэтае месца не спатрэбіцца. Прызначыць выратавальніка для дзяжурства, паставіць некалькі кабінак і пару прыбірален. Людзі ў дадзеным выпадку не збіраюцца маўчаць і адступаць. Білібуха спадзяецца, што раённая ўлада прыслухаецца нарэшце да здаровага сэнсу.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

 

Беларускае Радыё Рацыя