Змаганне за зямлю



Жыхарка Берасця Ірына Смірнова сем гадоў адбіваецца ад мясцовага гарвыканкама, які праз суд патрабуе афармлення ёю ўчастка ў 5 сотак, на якім стаіць яе дом, у арэнду. А жанчына хоча яго аформіць у пажыццёвае валоданне. Па словах жанчыны, на яе дагледжаны ўчастак у цэнтры горада палажыў вока высокі чыноўнік з аблвыканкама. А дамова арэнды можа быць у любы момант спынена ўладамі, кажа Ірына Смірнова:

–   Дамова арэнды – гэта добраахвотная дамова. Гарвыканкам увогуле не меў права скардзіцца на мяне ў суд. Бо я не забавязана з Берасцейскім гарвыканкамам заключаць нейкія дамовы. Я ведаю, што арэнда мае цяжкія наступствы. А мне гэтага не трэба. Няхай чыноўнікі заключаюць дамовы арэнды на свае катэджы.

Іра Смірнова

Паводле праваабаронцы Уладзіміра Малея, з дакументамі ўладам дапамог сусед Ірыны Юры Кузуб – інжынер “Брэстгіпразема”, які і жыве ў другой частцы дома. Гэты дом на дваіх купілі ў 1947 годзе бацькі Кузуба і Смірновай:

–   Пішуць заяву ад імя двух землекарыстальнікаў. У той жа час яна не ведала пра гэту заяву. Гэтае афармленне акта на зямлю, скажам так, па паскораным варыянце было зроблена.

Першапачаткова Смірновай удавалася перамагаць у судах. Але цяпер рашэнні на баку гарвыканкама. Яны не зважаюць на падлог у дакументах, дзе няма ніводнага яе подпісу. Але Ірына Смірнова не збіраецца з гэтым мірыцца, бо гэты дом і зямля – адзінае, што яна мае.

Цалкам гук слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце