Змагароў з пратэрмінаванай прадукцыяй апраўдалі (абноўлена)



Грамадскія актывісты з Баранавіч Рыгор Грык і Аляксандр Вайцешык, якія выкрылі пратэрмінаваную прадукцыю ў краме , былі апраўданы ў судзе Баранавіцкага раёна. Суддзя Юльяна Шчэрба не ўбачыла ў іх дзеяннях правапарушэння.

Самі актывісты і прысутныя сябры з групы падтрымкі актывістаў задаволены справядлівым рашэннем суда, кажа Аляксандр Вайцешык:

– Рашэнне цалкам відавочнае таму, што няма ні складу, ні прызнакаў. Тым больш мы ўсе глядзелі відэа, нічога няма – дзве асобы стаяць у чарзе, чакаюць, калі іх разлічаць. Якое тут парушэнне? Тым больш не хуліганства, нічога няма. Суддзя паводзіла сябе ў прынцыпе добра. Самы станоўчы вынік у гэтым працэсе – гэта вынясенне прыватнага азначэння ў адносінах да Бананавіцкага ГАУС, якое не ўмее складаць пратаколі, на гэта ім суддзя ўкажа.

На думку актывістаў і іх сябраў, асноўную ролю ў станоўчым рашэнні суддзі адыгралі лісты з Міністэрства гандлю, санэпідстанцыі, гарвыканкама, дзе падцвярджаецца  продаж у краме  пратэрмінаваных прадуктаў ды неналежная санітарыя.

За што дырэктар крамы Вольга Борыс пакарана штрафам. А таксама рашэнне мінулага суда пра пакаранне Борыс штрафам у 10 базавых велічынь за нанясенне цялесных пашкоджанняў на той момант работніку крамы Рыгору Грыку.

[Not a valid template]

У Баранавічах закончыўся судовы працэс над Рыгорам Грыкам і Аляксандрам Вайцешыкам, якіх вінавацілі ў хуліганстве ў краме ў той час, калі яны выявілі там пратэрмінаваны тавар. У выніку разбіральніцтва актывісты былі апраўданыя. Суд не ўгледзеў у іх дзеяннях правапарушэння.

20 і 22 снежня Рыгор Грык з Аляксандрам Вайцешыкам выявілі пратэрмінаваны тавар у краме Mart Inn. Актывісты выклікалі міліцыю, якая зафіксавала няякасны тавар. Адміністрацыя крамы напісала на актывістаў заявы ў міліцыю, паводле якіх былі складзеныя пратаколы, што Грык з Вайцешыкам «з хуліганскіх перакананняў, выказваючы яўную непавагу да грамадства, перагарадзілі праход паміж касамі, чым учынілі наўмысныя дзеянні, якія парушаюць спакой грамадзянаў».

* * *

У Баранавічах прайшло першае судовае паседжанне па адміністрацыйнай справе змагароў супраць продажу пратэрмінаванай прадукцыі ў крамах грамадскіх актывістаў Рыгора Грыка і Аляксандра Вайцешыка. Іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве, то бок у непавазе да пакупнікоў у краме “Март Інн”. Пад час судовага паседжання актывісты мелі магчымасць пазнаёміцца са справай, але ім не дазволілі паглядзець дыск, што быў у матэр’ялах справы. Актывісты адразу выказалі недавер суддзі і запатрабавалі яе адводу. Але адвод прыняты не быў. Рыгор Грык лічыць, што гэты судовы працэс – помста загадчыцы крамы.

– Знайшлі пратэрмінаваныя прадукты 20 снежня і 22-га. Мы выклікалі міліцыю, АБЭП. Гэта ўсё было зафіксавана. Дырэктар, каб нам аддзячыць за тое, што ім далі штрафы, вырашыла нас пакараць.

Рыгор Грык і Аляксандр Вайцешык выказалі жаданне наняць адваката. Разгляд справы перанеслі на 29 студзеня.

„Ні суда, ні пратакола не павінна было быць,” – лічыць праваабаронца Сяргей Гоўша:

– Сапраўды, дзіўны працэс. Звінавачаны людзі ў тым, што яны хуліганілі. Але гэта пакупнікі, якія прыйшлі з таварам, а аказалася, што іх не разлічваюць. А чаму? Бо тавар пратэрмінаваны. Але ж пратэрмінаваны тавар не павінен выкладацца ў краме. Спадар Вайцешык выклікў АБЭЗ, міліцыю. А міліцыя сказала, каб стаялі на месцы і чакалі іх.

Судовае паседжанне працягнецца 1 лютага.

Нагадаем, што актывісты Грык і Вайцешык пачалі змагацца супраць пратэрмінаваных прадуктаў у крамах. 20 і 22 снежня яны выявілі шмат такіх прадуктаў у краме “Mart Inn”. Загадчыца Вольга Борыс была пакарана штрафам. Яна адпомсціла тым, што хоча праз суд зрабіць актывістаў хуліганамі.

Беларускае Радыё Рацыя