Змененыя ўмовы падачы дакументаў на візы для асобаў з картамі паляка



Генеральнае консульства Польшчы ў Гародні змяніла ўмовы атрымання нацыянальных візаў для асобаў, якія маюць карту паляка. Пачынаючы з кастрычніка 2015 года ўзроставы бар’ер для падачы дакументаў на атрыманне візы без папярэдняй электроннай рэгістрацыі зніжаны з 55 да 50 гадоў. Штодня ад такіх асобаў Генеральнае консульства будзе прымаць 50 візавых анкет.

На думку гарадзенцаў, новаўводзіны павінны паспрыяць паляпшэнню сітуацыі з атрыманнем нацыянальных візаў, якая бягучым часам выглядае не лепшым чынам:

Калі зусім спрасціць рэгістрацыю, дык консульства, відаць, не дасць рады з такім наплывам, бо ў прымежжы кожны захоча мець візу.

— Цяпер, вядома, ёсць пэўны ажыятаж і пэўная складанасць у атрыманні гэтых візаў, у сувязі з тым, што літаральна цягам дня разбіраюцца даты на атрыманне візаў на ўвесь месяц наперад.

— Проста сядзіш і ўводзіш свае дадзеныя. Паспяваеш або не. Спрабуеш адзін раз, другі. І ўсё.   

У Беларусі Гарадзеншчына з’яўляецца рэгіёнам з найбольшай лічбай людзей, што атрымалі карту паляка. Ад моманту, калі Рэспубліка Польшча прыняла закон «Аб карце паляка», дакумент які засведчвае прыналежнасць да польскага народа быў выдадзены больш чым 30 000 жыхароў прымежнага рэгіёна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня