Змены працы ў крамах duty free
Тавары ў крамах duty free можна будзе купляць не толькі пры выездзе, але і пры ўездзе ў Еўразійскі эканамічны саюз, што прадугледжана Мытным кодэксам ЕАЭС. Пра гэта паведаміў 20 снежня журналістам першы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі.
„Новая норма: тавары ў магазінах бяспошліннага гандлю могуць рэалізоўвацца не толькі пры выездзе фізічных асоб з краіны, як дзейнічае цяпер, але і пры ўездзе ў ЕАЭС. Але кодэксам такая магчымасць прапісаная толькі ў аэрапортах і марскіх партах”, – растлумачыў Уладзімір Арлоўскі. Таму ў Беларусі пад гэтую норму трапляе толькі крама duty free у Нацыянальным аэрапорце “Мінск”.
Пры гэтым першы намеснік старшыні ДМК звярнуў увагу, што кодэксам прадугледжана норма, што ў крамах, размешчаных на ўезд, алкаголь і тытунь будуць прадавацца ва ўсталяваных нормах бяспошліннага ўвозу. „То бок, не любую колькасць, як пры выездзе, а толькі ў рамках бяспошліннага ўвозу. Калі, напрыклад, норма бяспошліннага ўвозу алкаголю 3 л, значыць, не больш за 3 л”, – распавёў ён.
Дадзеная норма прадугледжана Мытным кодэксам ЕАЭС, які павінен уступіць у сілу 1 студзеня 2018 года.