Змітра Дашкевіча будуць судзіць за абразу начальніка лясгаса
Актывіста не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт” Змітра Дашкевіча, які ініцыяваў устаноўку ў Курапатах новых крыжоў, будуць судзіць за абразу начальніка Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандра Мірановіча.
Як паведаміў Дашкевіч БелаПАН, па пошце ён атрымаў копію пратакола, складзенага Бараўлянскім аддзелам міліцыі Менскага РУУС па артыкуле 23.5 КаАП (абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). На думку актывіста, як абразу Мірановіч успрыняў яго фразу: „Ізыдзі ў імя Ісуса Хрыста”, сказаную падчас канфлікту з супрацоўнікамі лясгаса.
Дата і месца разгляду адміністрацыйнай справы пакуль невядомыя.