Змітра Дашкевіча пакаралі яшчэ адным штрафам



Першамайскі суд Менска аштрафаваў Змітра Дашкевіча на 1 150 рублёў (гэта амаль 600 даляраў). Лідара „Маладога фронту” прызналі вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

Як паведаміў у сваім акаўнце на Фэйсбуку сам Дашкевіч, яго затрымалі 31 снежня ў 23.30 каля дома. У навагоднюю ноч Дашкевіч з паплечнікамі меркаваў правесці акцыю ў цэнтры Менска — сустрэць свята з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

У судзе, які прайшоў без Дашкевіча, супраць яго сведчылі міліцыянты Максімаў і Панасенка. Яны заявілі, што ён адмаўляўся прайсці для разбіральніцтва ў Першамайскае РУУС Менска — „упіраўся нагамі, сядаў на зямлю”.

Дашкевіч называе пратакол ілжывым і як доказ выклаў відэа, якое зняў падчас затрымання, паведамляе euroradio.fm.