Змітра Лупача будуць судзіць двойчы
У чаканні двух судоў знаходзіцца журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач.
Старшы інспектар па дазваляльнай працы, капітан глыбоцкай міліцыі Сяргей Цырбан склаў на яго аж два пратаколы. Незалежнаму журналісту зноў інкрымінуюць парушэнне артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Падставай сталі відэасюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” http://belsat.eu/in-focus/150-dobry-zarobak-malenkim-garadam-kanets/ і каментар, які журналіст узяў у эксперта Валера Катовіча з Глыбоцкай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. http://belsat.eu/in-focus/vauki-teraryzuyuts-vitsebshchynu-strah-apanavau-lyudzej/
Гаворыць Зміцер Лупач:
– На мяне заведзеная адміністрацыйная справа па матэрыяле пра пасёлак Падсвілле. Там вельмі нізкія заробкі і вельмі цяжка з працай, таму што два прадпрыемствы закрыліся. Яшчэ два працуюць, але вельмі слаба. І людзям вельмі цяжка. І вось калі пратакол ужо быў складзены, інспектар Сяргей Цырбан з такой іранічнай ухмылачкай сказаў, што гэта яшчэ не ўсё, будзе яшчэ адна справа. Я спытаў, ці можна іх аб’яднаць у адну. Ён адказаў, што гэта розныя справы. І будуць асобныя два суды. Я прыйшоў да высновы, што мне не даюць працаваць, бо амаль на кожны матэрыял, які выходзіць, адразу – суд.
Сёння адбываюцца і чатыры суды ў Менску па тым жа артыкуле над журналістамі, якія супрацоўнічаюць з незалежным тэлеканалам “Белсат”. Судзяць Вольгу Чайчыц, Андруся Козела, Ганну Аземшу і Аляксандра Баразенку.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя