Змітра Лупача пакаралі штрафам на 1080 беларускіх рублёў
1080 беларускімі рублямі штрафу (40 базавымі велічынямі) пакараў 26 кастрычніка суд Пастаўскага раёна журналіста з Глыбокага Змітра Лупача.
У гэты дзень яго выклікалі ў Пастаўскі РАУС, склалі на яго пратакол, затрымалі на тры гадзіны, а потым адвялі ў суд і аштрафавалі. Складаў пратакол на журналіста капітан міліцыі Аляксандр Кішко паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Судзіў журналіста галоўны суддзя Пастаўскага суда Анатоль Карытка.
Як кажа журналіст, ён не чакаў, што гэты дзень для яго будзе такім насычаным.
– Яшчэ перад гэтым начальнік Пастаўскай міліцыі правёў са мной прафілактычную гутарку. Далі мне распісацца, што я папярэджаны за парушэнне законаў.
РР: А якіх законаў, там было штосьці ўказана?
– Аб масавых мерапрыемстваў і аб СМІ.
Сёлета гэта ўжо пяты штраф, які прысудзілі Змітру Лупачу суды Віцебскай вобласці за яго прафесійную дзейнасць. А ў жніўні месяцы журналіст нават адседзеў 5 сутак у глыбоцкім ізалятары часовага ўтрымання.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя