Змітра Лупача пакаралі штрафам за сюжэт пра самы бедны раён



Суд Шаркоўшчынскага суда наклаў 35 базавых велічыняў штрафу на незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача.

15 красавіка яго зноў судзілі па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Судовы працэс вяла суддзя Аксана Табола, якая і раней судзіла незалежнага журналіста ў Шаркоўшчыне. Падставай для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці на гэты раз стаў сюжэт пад назвай “Як жыве сёння самы бедны раён краіны”, паказаны на тэлеканале “Белсат”.

Як кажа Зміцер Лупач, ён разумее, што перад пэўнымі палітычнымі падзеямі ўзмацняецца ціск на незалежных журнлістаў, палітыкаў і праваабаронцаў. Таму ён лічыць, што ціск яшчэ больш узмацніцца, бо ўсім вядома, якая “кантора” гэта ўсё ініцыюе.

– Нават выканаўцы не хаваюць, хто ініцыятар гэтых спраў. Вядома, як яны яе завуць, „наша кантора”, прывыкшы ўсю гадасць рабіць чужымі рукамі. Самі яны як бы застаюцца чыстымі. Але гэтая ініцыятыва, вядома, ідзе ад іх. У Шаркоўшчыне прыплялі яшчэ БХД. Я не адмаўляюся, у свой час я быў сярод заснавальнікаў гэтай партыі, калі падаваліся дакументы на рэгістрацыю партыі. І там такая фармулёўка, што я здымаў з мэтай, каб у гледачоў склалася негатыўнае ўражанне. Гэта не я працую на негатыўнае ўражанне. Гэта якраз яны самі на гэта працуюць.

Паводле Змітра Лупача, ніякіх падобных мэтаў ён перад сабой не ставіў. А проста прыехаў у Шаркоўшчыну выканаць сваю прафесійную працу.

Нагадаем, па вышэйзгаданым адміністрацыйным артыкуле сёлета Змітра Лупача судзілі ўжо трэці раз. Агулам колькасць штрафаў склала 2805 беларускіх рублёў. Летась па тым жа артыкуле незалежны журналіст прыцягваўся да адказнасці шэсць разоў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя