Змітру Лупачу і Аляксандру Шарабайку прысудзілі 5 сутак арышту



Змітра Лупача суд Глыбоцкага раёна пакараў 5 суткамі. Журналіст прысутнічаў на цэнтральнай плошчы Глыбокага ўвечары 9 жніўня, калі там збіраўся народ выказаць свой пратэст супраць вынікаў выбараў.

На працягу ўсяго дня жонка і калегі Змітра  высвятлялі, калі адбудзецца суд над Змітром, дакладны час суда так ім і не паведамілі ні ў судзе, ні ў міліцыі. Толькі каля 16.00 усе даведаліся, што над Змітром ужо адбыўся суд, і яго пакаралі суткамі.

Кажа Жана Лупач:

– Перадачу занясла, ежу, адзенне. На паперцы ўсё пісала, хто я, што перадаю і колькі. Я сядзела і павялі Шарабайку Сашу туды. Я яго пазнала па фотаздымку.

Таксама ў начы дома міліцыянты на двух машынах затрымалі трэнера па фітнесу Аляксандра Шарабайку. Па словах яго жонкі Алены, іх прыехала каля дзясяці чалавек. Пры затрыманні адзін з іх нават ударыў жанчыну ў грудзі кулаком, бо яна прасіла, каб далі мужу адзецца цяплей. Аляксандр выйшаў да міліцыянтаў у адных шортах і тапках, сям’я ўжо клалася спаць. Менавіта ў такім выглядзе міліцыянты і хацелі яго забраць.

Аляксандра Шарабайку абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства па артыкуле 23.34 КаАП.  Менавіта ён уключыў песню Віктара Цоя “Перамен”. Яго арыштавалі на 5 сутак.

З некаторымі ўдзельнікамі акцыі міліцыянты правялі тлумачальныя гутаркі і адпусцілі, але ёсць яшчэ затрыманыя, прозвішчы якіх пакуль невядомыя.

10 жніўня ўвечары людзі пачалі збірацца зноў, міліцыянты іх затрымліваюць, ачэпліваюць цэнтр, нават не даюць садзіцца на лаўкі і ўвогуле знаходзіцца працяглы час на плошчы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя