Зміцер Афанасенка: Праверылі ў маім доме „штаб БНФ”
Вобшук па даносе – метады спецслужбаў Беларусі з савецкага мінулага. З такой сітуацыяй сутыкнуўся беларускі музыка Зміцер Афанасенка, вакаліст гурту «Amaroka».
Напярэдадні ў яго дома, дзе ён жыве з жонкай і малымі дзецьмі, – прайшоў ператрус на падставе даносу невядомага з прозвішчам Дзяркач, маўляў, яны з братам «арганізавалі штаб БНФ, дзе ёсць зброя і выбуховыя рэчы». Прычым даносчык паходзіць з Вілейскага раёна на Міншчыне, а дом Афанасенкі ў Дзяржынскім. І гэта як мінімум здзіўляе, заўважае музыка.
– Паказалі паперу, што да іх нібыта паступіла інфармацыя, дзесьці нейкі чалавек, нейкі Дзяркач з Вілейскага раёна даў інфармацыю, што Зміцер Афанасенка і яго брат Антон у Дзяржынскім раёне, нават не паведамляецца дзе дакладна, заарганізавалі штаб БНФ, так і напісана, і ў іх маецца зброя і выбуховыя рэчы. Прыехалі гэта ўсё правяраць. Чалавек напісаў проста, каб напужаць усіх, хто баіцца слова БНФ. Так выглядае.
Музыка Зміцер Афанасенка пераслед звязвае з жаданнем улады напалохаць іх напярэдадні 25 сакавіка – Дня Волі. Паколькі менавіта прадстаўнікі незалежнай беларускай сцэны заўсёды ў гэты дзень выступаюць з канцэртамі ў гонар абвяшчэнне незалежнасці Беларусі – стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя