Антончык: Рыгор Кастусёў паведаміў пра пагаршэнне здароўя



Палітычнага вязня Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў калоніі, змясцілі ў Памяшканне камернага тыпу. Вязень мае 66 гадоў, анкалагічнае захворванне і шэраг іншых сур’ёзных праблем са здароўем. Да таго ж яму адмовілі ў доўгатэрміновым спатканні, якое на працягу месяца абяцалі.

Пра сітуацыю са зняволеным палітыкам пагаворым з нашым сённяшнім госцем – грамадскім дзеячам Змітром Антончыкам.  

РР: Вы ў прыватным жыцці з’яўляецеся зяцем палітвязня Рыгора Кастусёва. Ведаем, што ад спадара Рыгора ёсць ужо нейкая інфармацыя з ПКТ, дзе ён цяпер утрымліваецца. Распавядзіце, што вядома на сённяшні дзень?

Зміцер Антончык: Жонка Рыгора Кастусёва атрымала ліст і даслала нам пачытаць. Гэты ліст ужо з ПКТ, у якім ён распавядае пра тое, што 11-га лістапада яго змясцілі ў ПКТ папярэдне на чатыры месяцы. У лісце ён адзначае пагаршэнне стана здароўя свайго, што вельмі непакоіцца пра тыя лекі, якія ён атрымліваў раней, калі быў яшчэ ў атрадзе.

РР: Памяшканне камернага тыпу – якія там умовы ўтрымання? Ён адзін у гэтым памяшканні?

Зміцер Антончык: Наколькі разумею, так. З тых размоў, што я меў з палітвязнямі, якія ўжо вызваліліся, ведаю, што ўмовы ў ПКТ значна лепшыя, чым у ШІЗА. Чалавека ўжо не кідаюць з атраду ў ШІЗА, то бок, ён больш стабільна сябе адчувае. Але, зразумела, што гэта не тое, што было ў атрадзе, дзе можна было выходзіць на вуліцу. І ёсць нейкія абмежаванні па пасылках, бандэролях.

РР: Але ён можа там пасядзець днём, не ўвесь час быць на нагах? Гэта важна, бо з нагамі ў спадара Рыгора таксама ёсць праблемы.

Зміцер Антончык: Так. І спіна, і ногі. Вельмі складаная сітуацыя.

РР: Спадару Рыгору быў пастаўлены анкалагічны дыягназ. Раней Вы казалі, што праводзілі нейкае абследаванне. І вынікі яго Вы не ведаеце?

Зміцер Антончык: Мы не маем да гэтай інфармацыі доступу. Але з лістоў, што дасылае спадар Рыгор, інфармацыі няма пра гэта. Яшчэ калі яго на гэтае абследаванне адпраўлялі, то ён казаў – які ў гэтым сэнс? Усё роўна яны вынікі не кажуць, нават, калі будуць рэкамендацыі дактароў, яны іх не выконваюць. То бок, які сэнс у гэтых абследаваннях?

РР: Ліставанне – гэта адзіны спосаб кантактаваць са спадаром Рыгорам?

Зміцер Антончык: Лісты даходзяць, наколькі я ведаю, толькі да малодшай дачкі і да жонкі, якія знаходзяцца ў Беларусі.

РР: На медыцынскія бандэролі таксама ёсць абмежаванні, ці ёсць магчымасць іх даслаць?

Зміцер Антончык: У тым лісце, які мы атрымалі, спадар Рыгор выказвае занепакоенасць, што ён не ведае, як гэта будзе адбывацца.  Яго непакоіць медычная бандэроль, якую пераслалі ў атрад, дзе быў неабходны лек, які стрымліваў развіццё анкалогіі. Ён кажа, што прайшоў нейкі момант пасля атрымання апошняй бандэролі, і ўжо ёсць пагаршэнне ягонага стану.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя