Зміцер Антончык: У Шклове выходзіла пад 500 чалавек



У Беласток працягваюць прыбываць беларусы, якія адчуваюць пагрозу для асабістай бяспекі на Радзіме. Сярод новапрыбылых – грамадскі актывіст са Шклова, зяць Рыгора Кастусёва, Зміцер Антончык, які і стаў нашым „Госцем Рацыі”.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка задала Зміцеру Антончыку пытанні пра тое, чаму ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, якая сітуацыя склалася ў Шклове ды прагноз на будучыню. 

РР: Чаму вы пакінулі Беларусь?

– Быў пэўны ціск з боку міліцыі і КДБ. То бок пасля таго, як быў арыштаваны Рыгор Кастусёў, у нас дома быў вобшук. Быў канфіскаваны мой асабісты камп’ютар, літаратура, шмат рэчаў. Былі пэўныя падставы меркаваць, што гэты ціск будзе працягвацца і можа выліцца ў нейкую справу.

РР: Кім вы працавалі да пераезду?

– Я працаваў у прыватнай фірме, якая абслугоўвала абсталяванне. Зараз буду шукаць працу па спецыяльнасці ў Польшчы таму, што ў бліжэйшы час, калі не зменіцца сітуацыя, то я не планую вяртацца. 

РР: Ці ўдзельнічалі вы ў мерапрыемствах пасля жніўня?

– Так, удзельнічаў, за што атрымаў прафілактычную размову ў РАУСе і пракурорскае папярэджанне пра крымінальную адказнасць за далейшы ўдзел. У Шклове ў нас былі даволі моцныя пратэсты, выходзіла пад 500 чалавек пад адміністрацыю раёна. У Шклове быў такі моцны рух.

РР: Вы асабіста за каго галасавалі 9-га жніўня?

– Асабіста я галасаваў за Ціханоўскую, гэта быў выбар супраць Лукашэнкі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя