Зміцер Бандарчук: міліцэйскай дубінкай немагчыма рабіць дыялог
Грамадскі актывіст з Гародні Зміцер Бандарчук лічіць, што гвалтоўнымі метадамі немагчыма рабіць дыялог.
Кажа Зміцер Бандарчук:
– Лічу, што гэта такая спроба міліцэйскай дубінкай загнаць людзей у дыялог, каб яны пачалі думаць толькі пра дыялог, і толькі праз такое вырашэнне агульнай праблемы. Але мы разумеем, што праблема нават не ў Канстытуцыі. Гэта ні да чаго не прывядзе. Людзі будуць шукаць нейкіх іншых формаў. Як увогуле знайсці гэтую форму? У якой краіне яны хочуць жыць? Як павінна змяніцца гэтая дзяржава, каб кожны ў гэтай краіне мог сам рэалізавацца, каб мог спакойна жыць для сябе і для сваіх дзяцей?
Актывіст лічыць, што некалькі жнівенскіх дзён дэмакратыі ў Гародні змянілі грамадства.
– Людзі пабачылі, што іх вельмі шмат, што і яны могуць несці адказнасць за тое, што тут адбываецца. І гэта сведчанне таго, што людзі гэтую адказнасць узялі ўвогуле на сябе. Яны не чакаюць, што хтосьці прыйдзе, нейкі з’явіцца лідар, які за іх тут вырашыць. Людзі адказныя за сваю будучыню, за свой горад, за сваю краіну. І яны ведаюць, што іх шмат.
Зміцер Бандарчук вядомы ў горадзе тым, што ён быў адным з арганізатарам БНР-101, калі на канцэрт-мітынг у Каложскі парк Гародні прыйшло больш за 10 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя