Зміцер Бекалюк: Берасцейцаў падманулі



Праца акумулятарнага завода працягваецца, таму можна лічыць берасцейцаў ашуканымі. У гэтым перакананы адзін з самых актыўных пратэстоўцаў Зміцер Бекалюк.

„Гэта страшна, зыходзячы з таго, што кіраўнік дзяржавы сказаў, што ён на баку людзей”, — адзначыў грамадскі дзеяч:

– Берасцейцаў падманулі, завод працуе – гэта пацвярджаецца дакументамі самога „АйПаўэр”, што яны не спынялі сваю вытворча-будаўнічую дзейнасць у адпаведнасці з распараджэннем губернатара. Другое, гэта тое, што пачалі вывозіць адпады ад ажыццяўлення вытворчай дзейнасці. Хаця гэтых адпадаў, паводле лістоў, якія мы атрымлівалі на дату, калі было распараджэнне губернатара, іх увогуле ў гэтых лістах не было, то бок яны з’явіліся ўжо пазней. Завод функцыянуе, не паўнамаштабна, але функцыянуе.

Паводле Змітра Бекалюка, неабходна надалей працягваць выходзіць на плошчу Леніна кожны тыдзень і паказваць як мага большую колькасць людзей, якія не згодныя з рашэннямі ўлады.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце