Зміцер Дашкевіч: Будзем пікетаваць адкрыццё прарасейскага графіці
Маладафронтаўцы заклікаюць прыйсці на адкрыццё скандальнага графіці пра “беларуска-расейскае сяброўства”. Вялізны мурал на вуліцы Магілеўскай выклікаў абуральную рэакцыю ў многіх менчукоў. У інтэрнэце днямі з’явілася мноства фотакарыкатураў і нават петыцыя з заклікам зафарбаваць выяву. “Мы мусім адарвацца ад канап і нейк адрэагаваць на прарасейскія акцыі,” – гаворыць палітык Зміцер Дашкевіч.
– Для мяне, напрыклад, дзіка як нашыя ўлады могуць замалёўваць графіці з Быкавым, саджаць у турму за графіці “Беларусь мая – будзь беларускай”, і ў той жа момант арганізоўваць нейкія ідэалагічна вывераныя малюнкі на будынках. Таму што на сённяшні дзень выказваць ва ўсе бакі сваё сяброўства з Масквой, гэта тое ж самае, як, напрыклад, у 39-м – 43-м годзе выказваць сваё сяброўства з Берлінам.
“Чамусьці ў нас не з’явіліся графіці пра сяброўства з Кіевам ці Варшавай,” – дадаў Дашкевіч. Адкрыццё выявы мае адбыцца 8-га чэрвеня а 17-й гадзіне. Маладафронтаўцы плануюць прыйсці на імпрэзу з плакатамі “Расея – гэта вайна”, “Не вайне” ды іншымі.
Беларускае Радыё Рацыя