Зміцер Дашкевіч: Палітвязні бываюць розныя…



Моладзевы актывіст Зміцер Дашкевіч пракаментаваў судовы працэс, які зараз праходзіць на аўтарамі прарасейскага інфармагенцтва “Рэгнум”.

Зміцер Дашкевіч: Калі я чую, што аўтараў “Рэгнума” могуць прызнаць палітвязнямі, то разумею, што, на вялікі жаль, многія людзі не хочуць адрозніваць аднаго палітвязня ад іншага. Тыя, хто заклікае да вайны ці ставіць пад сумніў незалежнасць Беларусі альбо і ўвогуле прамым тэкстам кажа, што незалежная дзяржава і беларускі народ – гэта “фэйк”, то для мяне яны ніякія не палітвязні. Варта проста паглядзець, да чаго дзейнасць такіх “палітвязняў” прывяла ва Украіне. У век гібрыдных войнаў прапагандысты – гэта асноўная вайсковая сіла. У нашым выпадку – сіла імперскай Расеі. Менавіта прапагандысты развязваюць войны, падтрымліваюць і ўмацоўваюць агрэсараў. І тое, што прапагандыстаў не пускаюць ва Украіну, а зараз судзяць у Беларусі – гэта абсалютна слушныя крокі дзяржавы, якая хоча абараніць сябе. Аднак тут яшчэ трэба адзначыць адзін момант. Гэтыя ж людзі не аднекуль з’явіліся, яны выраслі ў Беларусі, іх узрасціла дзяржава. Хто той палітык, які казаў, што, маўляў, мы – тыя ж рускія? Вось ад гэта ўсё і ўзрасло – гэтых аўтараў дзяржава песціла больш за 20 гадоў.

РР: Песціла, а зараз судзіць…

Зміцер Дашкевіч: Магчыма, тут прысутнічаюць кан’юктурныя рухі, якія вымалёўваюцца ў нейкую палітыку. Зараз улада гуляе паміж Захадам і Усходам, таму мы і бачым такія судовыя працэсы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя