Змітру Дашкевічу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту (абноўлена)
Супраць грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча пачалі крымінальную справу. Гэта вынікае з паведамлення ў праўладных тэлеканалах. ГУБАЗіК піша, што на Дашкевіча „сабраны матэрыял для прыцягнення яго па артыкуле 342 КК РБ, таксама ідзе праца па кваліфікацыі іншых яго дзеянняў, у тым ліку распальванні нянавісці праз адміністраваныя інтэрнэт-супольнасці”. Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса прысвечаны дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле яго пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, фатаздымак Дашкевіча пасля затрымання зрабілі ў кабінеце, дзе на дзвярах бачныя прапагандысцкія плакаты з літарамі Z і V. Гэтымі літарамі пазначаецца расійская тэхніка, якая ваюе ва Украіне.
Дашкевіча затрымалі 23 сакавіка пасля ператрусу ў яго кватэры. Сёння стала вядома, што яго завезлі на Акрэсціна.
У сям’і Дашкевіча трое дзяцей, яны чакаюць нараджэння чацвёртага.
***
Жонка затрыманага ўчора Змітра Дашкевіча паведаміла: „Зміцер знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Мяркую, што будзе адміністратыўны суд. Ці гэтым усё скончыцца — невядома”.

У Змітра і Насты Дашкевічаў учора прайшоў ператрус, з кватэры забралі ўсю тэхніку, Змітра затрымалі. У чым абвінавачваюць грамадскага дзеяча і былога палітвязня, пакуль невядома.
