Зміцер Дашкевіч: За месяц на актывістаў склалі больш за сто пратаколаў
Лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч распавёў, што на тых, хто збірае подпісы ў Менску за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу нацыянальнай каштоўнасці, міліцыянты штодзень складаюць прыкладна па чатыры адміністратыўныя пратаколы.
На сайце ГУУС Менгарывканкама з’явілася інфармацыя пра тое, што ў сталіцы “зафіксаваны чарговыя парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах”. Мелася на ўвазе, што ў падземных пераходах некаторых станцый метро адбыўся “несанкцыянаваны збор подпісаў у грамадзян”.
Нагадаем, што акцыя па збору подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці распачалася 19 верасня і плануе закончыцца 19 кастрычніка.
Зміцер Дашкевіч: На зборшчыкаў подпісаў фактычна кожны дзень складаюць пратаколы. Адзінае, што такія не складаліся ў першыя тры дні акцыі. Магчыма, разважалі, што з гэтым рабіць, не ведалі, з якога боку падступіцца. А затым, напэўна, убачылі, што ініцыятыва набірае абароты і вырашылі праявіць “пільнасць”. Мы збіралі подпісы і пры гэтым вывешвалі сцягі і банеры, а таму сталі з’яўляцца ўчастковыя, якія і складалі пратаколы. Я з імі нават не размаўляў, яны ўсё роўна не ведаюць мову. Дарэчы, на тых нашых людзей, якія збіралі подпісы без сцягаў і банераў, у большасці выпадкаў звычайна пратаколы не складалі. Хаця былі выпадкі, калі чалавека нават выганялі з падземнага пераходу.
РР: Ці падлічвалі вы, колькі агулам складзена на актывістаў “Маладога Фронту” пратаколаў, пачынаючы з 19 верасня?
Зміцер Дашкевіч: Цяжка сказаць. Мяркую, у сярэднім складалі па чатыры пратаколы ў дзень, а значыцца цягам месяца міліцыянты іх назбіралі больш за сотню. Але 19 кастрычніка мы збіраемся закончыць акцыю.
РР: Можаце ўжо падвесці нейкія папярэднія вынікі?
Зміцер Дашкевіч: Я вельмі пазітыўна гляджу на тое, што адбываецца, бо мы нават не разлічвалі, што людзі так адгукнуцца на нашую ініцыятыву. У гадзіну за бел-чырвона-белы сцяг падпісваліся па 25-40 чалавек.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Ралыё Рацыя
Фота euroradio.fm