Зміцер Фурманаў: Прыйшлося экстранна пакінуць Беларусь



21 кастрычніка на свабоду выйшаў гарадзенскі палітвязень Зміцер Фурманаў. Зміцер знаходзіўся за кратамі з траўня 2020 года, калі яго затрымалі на акцыі ў цэнтры Гародні, дзе адбывалася аперацыя па затрыманні Сяргея Ціханоўскага.

Адседзеўшы год і 5 месяцаў паводле ч. 1 арт. 342 КК «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», Зміцер быў вымушаны пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Кіеве ва Украіне.

Распавядае Зміцер Фурманаў:

– Была агучана схема, як я буду эвакуявацца з краіны. Я спачатку неяк усё адмаўляў. Дакладней казаў, што мяне ніхто не будзе торгаць, каму гэта трэба.

РР: Ты хацеў да хаты прыехаць і там ужо ўсё вырашаць. А тут сказалі, што табе трэба зрабіць экстранную эвакуацыю.

– Мне сказалі, калі я зараз не вырашу з’ехаць, то ў мяне, магчыма, больш не будзе магчымасці пакінуць краіну. Я расставіў усе кропкі над сваімі праблемамі. Вырашыў, што гэта будзе аптымальны варыянт, таму што ў мяне зараз мая дзяўчына за мяжой. Калі б я застаўся, то можа быць больш мы ніколі не пабачыліся б.

Дзяўчына Зміцера Вольга зараз знаходзіцца ў Літве, куды Зміцер плануе патрапіць бліжэйшым часам.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя