Зміцер Фурманаў: Тыдзень адчуваю, што за мною сочаць



Гарадзенец Зміцер Фурманаў, які з’яўляецца адміністратарам гарадзенскага тэлеграм-каналу прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага “Гродна для жыцця” лічыць, што міліцыянты сочаць за ім цягам апошняга тыдня.

Распавядае актывіст:

– Калі я збіраў шчыткі на Кірава, 3, я быў з тэлефонам, але ў рэжыме палёта быў уключаны. Пракаціла. Ніхто мяне ў гэты дзень не шукаў. Затым я паехаў у хоспіс праз пару дзён. І на гэты раз ужо з уключаным тэлефонам. Потым, на наступны дзень яны пачалі мітусіцца. Пачалі з раніцы званіць. Запрашаць на сустрэчу. Я, зразумела, адмовіўся.

Грамадскі актывіст цягам бліжэйшых дзён збіраецца забраць пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

– Мне трэба будзе неяк забраць пасведчанне каардынатара ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты. Не ведаю, як гэта здзейсніць. Магчыма прыйдзецца пакідаць тэлефон дома, і тады неяк выходзіць. Не ведаю.

Грамадскага актывіста запрасілі 22 траўня на 9 раніцы для азнаямлення з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні. Зміцер Фурманаў хвалюецца за тое, што яго як і іншых 5 актывістаў  з Гародні адправяць на адміністрацыйны арышт адразу з Ленінскага РАУСа.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча