Зміцер Галась: Нас закрылі з-за салідарнасці



Гарадзенскі веганскі бар “Несцерка”, які за 5 год стаў культавым месцам у горадзе, канчаткова спыніў сваю працу.

Пра прычыны закрыцця распавядае дырэктар установы Зміцер Галась:

– Адразу пасля 26 кастрычніка, калі мы падтрымалі агульнарэспубліканскі страйк, літаральна праз два дні да нас пачалі хадзіць праверкі. Гэта санстанцыя, аддзел гандлю, пажарныя. Адразу пачалі складацца пратаколы, адразу – парушэнні, і адпаведна – штрафы. Вырашылі нас закрываць. Нам прапанавалі скасаваць дамову арэнды, прычым гэта было ў грубай  форме.

Каманда, што займалася гарадзенскім барам “Несцерка”, па словах Змітра,  хоча стварыць новы бар ужо ў новай Беларусі:

– Пакуль вельмі складана сказаць. Бліжэйшым час спраўляемся з тым, што на нас ”наважалі”, са штрафамі, судамі. Бліжэйшы час нічога адкрываць мы не плануем, але планы ёсць на будучае, але мы хочам у новай краіне, у новай Беларусі новы бар.

Бар „Несцерка” быў у Гародні не толькі адзіным месцам веганскай кухні, а таксама прасторай, дзе амаль кожныя выходныя адбываліся культурніцкія мерапрыемствы: канцэрты, кінапаказы, выступы ды-джэяў.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча