Зміцер Казакевіч: Ператрусы, застрашванне, „пасадкі”… Камусьці патрэбны гэты ціск на журналістаў



Прынамсі трое незалежных журналістаў з Віцебшчыны з учорашняга дня застаюцца за кратамі – гэта Віталь Скрыль з Віцебску, Зміцер Лупач з Глыбокага і Ігар Казмярчак з Воршы. Іх затрымалі паводле розных абвінавачванняў: публічная абраза службовай асобы, псаванне гарадской маёмасці і проста затрыманне “па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства”.

На думку Змітра Казакевіча, кіраўніка віцебскай філіі ГА “БАЖ”, нумар артыкула, на падставе якога зняволілі журналістаў, цяпер не мае значэння:

– Нас можна зараз абвінавачваць не толькі ў паклёпах, а нават і ў здрадзе Радзіме – гэта ціск, застарашванне, “пасадкі”, прыцягнутыя за вушы абвінавачванні…. Напружанне нарастала, і проста камусьці патрэбна было ўчыніць гэты ціск на журналістаў.

У кватэры Змітра Казакевіча міліцыянты ўчора правялі ператрус – ужо трэці за апошні год. Зноўку забралі вернуты пасля мінулага разу ноўтбук жонкі, а цяпер яшчэ ііноўтбук дачкі, два старыя сістэмныя блокі, што стаялі на гаўбцы, два фотаапараты і бел-чырвона-белы сцяжок. У ягонага калегі, незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава, пасля ператрусу ў бацькоўскай кватэры міліцыянты забралі старыя CD-дыскі, даўнія акрэдытацыі на фестываль “Славянскі базар” і мабільны тэлефон маці, пакінуўшы жынчыну сталага веку без сувязі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск