Зміцер Казакевіч: Я з’еду адсюль толькі калі Беларусь будзе вольнай



Віцебскаму  незалежнаму  журналісту днямі прысудзілі чарговыя штрафы – 1740 рублёў за  два артыкулы на інтэрнэт-сайце belsat.eu. Дагэтуль таксама былі і штрафы, і ператрусы, і “суткі” за кратамі, калі Змітра Казакевіча затрымлівалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных пратэставых акцыях. Затрымлівалі з фотаапаратам, дыктафонам, нататнікам. Насуперак ягоным тлумачэнням, што ён – журналіст, што ён – на працы…

Падчас свайго апошняга суду ён цытаваў раман-антыўтопію Джорджа Оруэла “1984” – раман пра тое, як нішчыць чалавечую асобу таталітарны рэжым. Гэтую кнігу ён хацеў падарыць суддзі, агучыўшы  ўрывак з рамана, кажа Зміцер Казакевіч:

– Працытаваў дзённік галоўнага героя: “Свабода – гэта свабода казаць, што двойчы два – гэта чатыры. Як толькі гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само па сабе”. І тое, чым мы займаемся, – гэта кажам, што двойчы два – чатыры, а не пяць, як гэта кажуць на афіцыйным тэлебачанні ці ў дзяржаўных СМІ. Калі гэта пяць, то наша грамадства становіцца нечалавечным!

Суддзя не прыняў падарунак, сказаўшы, што гэта забаронена правіламі. Журналіста двойчы за дзень пакаралі максімальнымі штрафамі, прадугледжанымі артыкулам 23.5 КоАП. Міліцыя не вярнула камп’ютар, забраны падчас ператрусу.

Праца незалежнага журналіста зараз  – цяжкая і рызыкоўная,  таму Зміцер Казакевіч адмовіўся бараніцца ў судзе на знак салідарнасці з усімі беларусамі, якія апынуліся за кратамі па палітычных матывах. Зрэшты, ён не асуджае і тых, хто з’ехаў за мяжу, каб не ператварыцца ў персанажаў рамана Джорджа Оруэла… Але для сябе ён хоча іншага лёсу: працаваць тут, і з’ехаць з Беларусі хіба што на адпачынак – калі яна стане вольнай.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск