Зміцер Хведарук: Я не ўпэўнены, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі



Футбольныя заўзятары атрымалі копіі судовай справы і штрафныя паперы. Яны былі затрыманыя 12-га кастрычніка падчас футбольнага матча кваліфікацыі Еўра-2016 Беларусь-Македонія, і правялі ноч у ізалятары мясцовага РАУС, за тое, што мелі на сабе бел-чырвона-белыя шалікі з выявай „Пагоні”.

Менчукі Зміцер Хведарук, Віталь Буцько ды Юрый (прозвішча дагэтуль прасіць не ўзгадваць) атрымалі па 10 базавых велічынь штрафу за “дробнае хуліганства (лаянку) ды непадпарадкаванні міліцыі”.

Да Зміцера Хведарука ўчора ўвечары цягам некалькіх гадзін спрабавалі ўвайсці невядомыя:

– Нас трымалі ў холадзе, у камеры, дзе мы знаходзіліся, не было шыбы, не было пітной вады. Нас амаль што суткі проста трымалі без вады і ў халодным памяшканні, нічога не паведамлялі, не давалі сродкаў гігіены і г. д. Сапраўды ўмовы ўтрымання былі нечалавечымі і блізкімі да катаванняў. Я сапраўды не ўпэўнены, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, якія прыходзілі да мяне дадому на вуліцу Славінскага.

Нам стала вядома, што сябры заўзятараў зборнай Беларусі па футболе сабралі патрэбныя сродкі для аплаты штрафаў. Але, у тым ліку і праз наша радыё, папрасілі перадаць, што хутка на футбольных матчах пры падобных паводзінах праваахоўных органаў – на трыбунах застануцца толькі супрацоўнікі міліцыі.

Нагадаем, што прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола выступіла з заявай, у якой выразіла неразуменне таго, “як сімволіка, не забароненая заканадаўствам РБ, якая таксама не ўваходзіць у спісы, забароненыя ФІФА і УЕФА, можа служыць падставай для затрымання заўзятараў падчас матчу”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя