Зміцер Лупач: Прыйшлі сталінскія часы
У журналіста „Белсата” і „Nехтa” Зміцера Лупача адбыліся вобшукі ў гарадской кватэры і ў вясковым доме, дзе ён не жыў ужо з 13 года. Чаму і што шукалі? Зміцер з сям’ёй жыве ўжо 2 гады ў Польшчы.
Чаму менавіта зараз успомнілі пра яго? Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з госцем Беларускага Радыё Рацыя, самім Зміцерам Лупачам:
РР: Чаму на вас пачалося такое паляванне ў Беларусі?
Зміцер Лупач: Не ведаю, я і так доўга думаў, што я дрэнна працую, што мяне так доўга не заўважаюць. Але вось заўважылі.
РР: Ацанілі?
Зміцер Лупач: Ну так, я думаю, што гэта звязана з так званымі выбарамі, якія будуць у лютым. Рэпрэсіі пачаліся. Я чытаў, што затрымалі хіба 200 чалавек. Як раз тых, хто быў назіральнікам у 2020 годзе. Не ведаю за што людзей затрымліваюць, але думаю, што гэта застрашванне, каб людзі не пайшлі гэтым разам назіральнікамі. Я думаю, што там ніхто назіраць не будзе.
РР: Але на ўсялякі выпадак яны такую аперацыю правялі, каб застрашыць.
Зміцер Лупач: Ну так. 2020 год іх навучыў. Ніхто са старой апазіцыі нават не думаў, што народ так масава выйдзе ў 2020 годзе. Ніхто не рыхтаваўся, таму гэта адна з прычын, што беларуская рэвалюцыя не ўдалася. Не было сапраўдных лідараў, ніхто не ўяўляў, што так масава выйдзе народ. Людзі выходзілі, але не ведалі, што рабіць далей. Улада вядома перастрахавалася і такіх лідараў, як Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, яны пасадзілі не чакаючы жніўня 2020 года. Зараз яны таксама на ўсялякі выпадак падстрахоўваюцца. Ну і плюс у краіне зараз столькі сілавікоў, ім таксама трэба паказваць, што яны працуюць, што не дарма хлеб ядуць. Таму кожны дзень гэтыя затрыманні. Каб мне яшчэ пяць гадоў таму хто сказаў, што чалавека будуць садзіць за краты за лайк у „Аднакласніках”, я б нават ведаючы тую ўладу, не паверыў. Але на жаль сапраўды прыйшлі сталінскія часы.
З госцем Беларускага Радыё Рацыя Зміцерам Лупачам размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя