Зміцер Лупач: Улады хочуць прымусіць нас маўчаць



Адзін з метадаў працы ўладаў з незадаволенымі беларусамі – “закрываць раты”. Адным пагражаюць звальненнем з працы, праблемамі для іх саміх і дзяцей. Як гэта было, напрыклад, у аграгарадку Язна, што на Мёршчыне. Бо людзі звярнуліся са сваімі праблемамі да вышэйшых уладаў і незалежных журналістаў. У сваю чаргу для журналістаў улады прыдумалі іншы спосаб “закрывання рота” – прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.  На іх заводзяць справы і караюць вялікімі штрафамі, у асноўным за сацыяльныя матэрыялы.

На днях зноў пачалі чарговую справу на незалежных журналістаў з Глыбокага Змітра Лупача і Таццяну Смоткіну.

– Улада прымушае журналістаў уводзіць так званую самацэнзуру. Але сапраўдны журналіст не будзе падуладны гэтай самацэнзуры. І ўсё ж такі я і мае калегі будзем і надалей звяртаць увагу на такія вострыя пытанні і тэмы, якія падымае просты народ, і рабіць матэрыялы і сюжэты на набалелыя сацыяльны тэмы.

Паводле Змітра Лупача, сапраўды, улады не абмінаюць ніводнага вострага сацыяльнага сюжэта:

– Хочуць прымусіць нас “закрыць раты” і маўчаць. Але думаю, у іх не атрымаецца гэта зрабіць, бо сітуацыя ў краіне пагаршаецца і асабліва ў малых гарадах, вёсках. Я не ведаю, колькі яшчэ людзі змогуць маўчаць, бо ўсё ж цярпенне народа не вечнае.

На журналістаў чарговыя пратаколы  склаў участковы інспектар Мёрскага РАУС Арцём Казачонак.  У Таццяны Смоткінай гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа па артыкуле 22.9 КаАП цягам гэтага года, у Змітра Лупача – пятая.

Беларускае Радыё Рацыя