Зміцер Лупач: Яны паводзяць сябе як бандыты
Пераслед праваабаронцаў, журналістаў, грамадскіх актывістаў: ператрусы, запужванні, суды і арышты. Падзеі ў краіне, дзе яе кіраўнік заяўляе, што “цяпер не да законаў”. За некалькі месяцаў Беларусь стала нязручнай для жыцця пэўнай часткі грамадства, дарэчы, большай яе часткі, у якую ўваходзяць інтэлектуалы і сапраўдныя патрыёты Беларусі.
Некаторыя журналісты і грамадскія актывісты, не вытрымліваючы ціску, з’язджаюць з краіны, самыя стойкія – застаюцца, нягледзячы ні на што.
Журналіст-фрылансер Зміцер Лупач з Глыбокага, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, з ліку тых, хто застаўся ў Беларусі. Ён ацэньвае абстаноўку ў краіне і распавядае пра тое, як жыць у такіх умовах, а дакладней, напэўна, выжываць:
– Мяне гэта не дзівіць дужа, таму што я ад пачатку ведаў, якая гэта ўлада і як яна дзейнічае. Але калі яны цябе затрымліваюць або выклікаюць і ўжываюць слова “правапарадак” і кажуць пра нейкую законнасць, то гэта вельмі “выбівае”. Таму што яны паводзяць сябе фармальна як бандыты.
Як кажа Зміцер Лупач, ён не аптыміст, але спадзяецца, што хутка ў Беларусі таксама ўсё павінна змяніцца да лепшага. Паводле журналіста, зараз ён чытае матэрыялы пра польскую “Салідарнасць”. І, як зазначае Зміцер, ад яе ўзнікнення палякам спатрэбілася каля 8 гадоў, каб выстаяць, перамагчы і здабыць лепшы лёс для краіны.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя