Зміцер Паліенка аб’явіў галадоўку



Анархіст Дзмітрый Паліенка, які быў затрыманы 20 сакавіка і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, 24 сакавіка абвясціў галадоўку. Як паведаміла БелаПАН яго сяброўка Настасся Гусева, гэту інфармацыю яна атрымала ад адваката, якая наведвала Паліенку.

Паводле слоў Гусевой, прычынай галадоўкі стала неаказанне Паліенку медыцынскай дапамогі, а таксама адсутнасць магчымасці пісаць лісты сябрам і скаргі па сваёй справе.

„У Дзімы праблемы са здароўем — у яго дэрматыт, астма. У яго пачаўся атыт, бо ў дзень, калі яго затрымалі, ён доўга знаходзіўся на вуліцы. У яго вялікія праблемы са здароўем, але ніякай медыцынскай дапамогі яму не аказваюць. Яму патрэбна спецыяльная мазь, але з перадачай у нас лекі не прынялі, — сказала Гусева. — Я таксама перадавала яму лісты паперы, канверты і ручкі, каб ён мог пісаць лісты, але сказалі, што ручкі ў камеру не прымаюць і будуць яму выдаваць толькі па патрабаванні. Але Дзмітрый кажа, што ручкі яму не даюць, таму ён не мае магчымасці пісаць скаргі ці адказваць на лісты”.

Гусева таксама адзначыла, што Паліенку не перадаюць лісты. „Да яго дайшоў толькі адзін ліст — мой. Ён быў пранумараваны № 2, больш ніякіх лістоў, хоць пісалі шмат, не даходзіла, — сказала яна. — Ён абвясціў галадоўку і патрабуе медыцынскай дапамогі, свабоды перапіскі і каб яе не блакавалі”.

Паліенка падазраецца ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства. Справа па факце здзяйснення злачынства паводле ч. 3 арт. 339 КК распачата аддзелам СК па Маскоўскім раёне Менска.

„Паводле дадзеных следства, 13 сакавіка прыблізна ў 20 гадзін на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Менску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад’ездзе распыліла яму ў твар газ з газавага балончыка, — паведаміла раней БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова. — Супрацоўнікамі міліцыі ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Дзмітрый Паліенка. Ён дапытаны, па месцы яго жыхарства праведзены вобыск. Цяпер з затрыманым праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне акалічнасцяў таго, што адбылося. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца”.

Дзмітрый Паліенка 24 кастрычніка 2018 года быў вызвалены з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі пасля велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру. Беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязнем.

У канцы мінулага года ў дачыненні да Паліенкі быў складзены пратакол па арт. 17.11 КаАП (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Падставай для адміністрацыйнага пераследу з’явіўся пост у „Фэйсбуку” з выявай маладога чалавека, на вопратцы якога быў надпіс, занесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 31 студзеня 2019 года Паліенка быў пакараны штрафам у 1.275 рублёў за „распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Паліенка таксама з’яўляецца фігурантам справы па арт. 341 КК, якую 23 студзеня распачаў Следчы камітэт за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. Разам з ім па гэтай справе праходзяць Яўген Чуліцкі і Настасся Гусева.

БелаПАН

Фота: ПЦ „Вясна”