Зміцер Паліенка асуджаны на 45 сутак арышту
Пра гэта «Новаму Часу» паведаміла жонка вязня Наста Паліенка.
Яна спрабавала даведацца нешта ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, але там інфармацыі ёй не далі. Адваката туды таксама не пускаюць. Апроч таго на мінулым тыдні адвакат ездзіў у Першамайскі і Маскоўскі суды Менска, але там яму нічога не сказалі.
«У яго быў пратакол па артыкуле 23.4 КаАП за супраціўленне супрацоўніку міліцыі, і гэты пратакол накіравалі на дапрацоўку. У чацвер адвакат ездзіў даведвацца, ці вярнуўся з дапрацоўкі пратакол, яму сказалі, што не. Відаць, нас ці падманулі, ці суд будзе пасля, ці нешта яшчэ», — гаворыць жонка зняволенага.
Анархісту Змітру Паліенку 8 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна прысудзілі 15 сутак арышту за размешчаны ў фэйсбуку допіс з заклікам прыняць удзел у флэшмобе — па вечарах бразгаць з адчыненых вокнаў і балконаў пустымі рондалямі. У той жа дзень падчас перапынку ў яго апыталі ў межах заведзенай крымінальнай справы па абразе супрацоўніка міліцыі.
10 ліпеня над Змітром Паліенкам зноў адбыўся суд, вынік якога не паведамілі.
Па падліках Насты, муж павінен выйсці на волю 23 жніўня.
«Відаць, далі, каб было з запасам, — зазначае Наста Паліенка, якая звязвае арышт мужа з маючымі адбыцца 9 жніўня прэзідэнцкімі выбарамі. — Пакуль мы нічога не ведаем, але я думаю, што будуць яшчэ сюрпрызы».