Зміцер Паліенка: Магчыма, хочуць мяне “закрыць”
Прадстаўнік анархічнага руху Зміцер Паліенка распавёў пра тое, як яго спрабуюць прэсаваць і на “хатняй хіміі”.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2019 году Менскі гарадскі суд прызнаў Зміцера Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. Прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.
14 лютага 2020 году Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Менскага гарадскога суда і пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле.
Тэрмін адбыцця пакарання пачаўся з 2 красавіка 2020 году, але ўжо праз тыдзень у міліцыі яму паведамілі, што актывіст як быццам ужо парушыў рэжым адбыцця пакарання.
Маўляў, міліцыянеры прыходзілі праверыць, ці дома Паліенка, але пасаромеліся грукаць у дзверы, а таму пастаялі на парозе і сышлі. А затым напісалі ў рапарце, што не змаглі патрапіць у жыллё, а суадносна Зміцер парушыў правілы адбыцця пакарання.
Зміцер Паліенка: У мяне ўзялі тлумачэнні, і зараз будуць вырашаць, якое рашэнне ў дачыненні да мяне вынесці.
РР: На ваш погляд, для чаго ўсё гэта робіцца? І ці бачылі вы складзены на вас пратакол?
Зміцер Паліенка: Нейкі рапарт складзены, але мне яго не паказалі. Сказалі, што гэта, маўляў, “аператыўная інфармацыя”. Ддалі толькі, што на працягу 10 дзён будзе праведзена праверка па фактах парушэння, якіх насамрэч не было.
А для чаго ўсё гэта? Можна толькі здагадвацца. Не выключана, што прыдумляюць такія парушэнні, для таго, каб “закрыць” мяне. Бо некалькі папярэджанняў – і маюць права адправіць у калонію.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя