Зміцер Вайцюшкевіч: Улады Дзень Волі спускаюць на тармазах
Улады Дзень Волі спускаюць на тармазах і хочуць яе замыліць, сказаў у нашым эфіры беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч, аналізуючы тыя адмовы, што атрымалі заяўнікі святкаванняў на 25 сакавіка.
Паводле Змітра Вайцюшкевіча, летась улады спалохаліся, калі пабачылі згуртаванасць беларускага грамадства. Таму цяпер ідэолагі сто разоў падумаюць перад тым як прыняць рашэнне, – заўважае Зміцер Вайцюшкевіч.
– Галоўная задача тых ідэолагаў, якія вядуць гэтую тэму з боку ўлады, замыліць, каб людзі стаміліся. Каб яшчэ адна важная дата перайшла ў бок маргінальны, каб не было ідэі, якая змагла б сабраць шмат людзей. Не чакалі, што на сто год будзе столькі людзей, што грамадства стане мірна святкаваць, радавацца. У гэтым годзе, думаю, будзе замыльвацца і на тармазах неяк з’едзе.
Розныя аргкамітэты падавалі ў Менгарвыканкам заяўкі на правядзенне 25 сакавіка – Дня волі-2019. У планах было і паўтарыць свята каля Опернага тэатра, як летась на 100-годзе БНР, і нават сабрацца на стадыёне «Дынама», бо менавіта там 30 гадоў таму ў 1989 годзе адбыўся першы дазволены мітынг пад бела-чырвона-белымі сцягамі. Пакуль ніводнай заяўкі менскія ўлады не задаволі.
9 сакавіка ў Лідзе на сцэне Палаца культуры адбудзецца сольны канцэрт Вайцюшкевіча «Лепшае і новае». „Гэта будзе падарожжа праз розныя часы, гурты і праграмы. Прагучаць песні, якія ведаюць усе. Нават тыя, якія я ўжо даўно не выконваў”, – расказвае пра канцэрт ў Лідзе Зміцер Вайцюшкевіч.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя