Зміцер Захарэвіч: Хлопцы гатовыя стаяць да апошняга



Беларускі бард і паэт Зміцер Захарэвіч выступіў перад байцамі-добраахвотнікамі ў зоне антытэрарыстычнай апераці пад Марыупалем, так званым „сектары М” ва Украіне. Туды ён прыехаў разам з кіраўніком Беларускай партыі Свабоды Сергеем Высоцкім.

Са Зміцерам Захарэвічам пагурарыў карэспандэнт нашага радыё Генадзь Барбарыч.

Zaharevichnapazicijah

РР: Чаму ўзнікла ідэя паехаць туды і выступіць з канцэртамі?

Зміцер Захарэвіч: Пэўны нейкі перад сабой меў маральны абавязак. Я не мог проста, з аднога боку, сядзець за камп’ютарам, назіраючы за падзеямі з боку. А з другога, нават ездіць у Кіеў і выступаць там перад удзельнікамі антытэрарыстычнай аперацыі, перад байцамі батальёна АУН, перад „Правым сектарам”.  Хацелася  непасрэдна туды, дзе вайна, прыехаць і ўбачыць на ўласныя вочы і менавіта там пабыць – гэта пэўны маральны абавязак. І паказаць людзям, якія змагаюцца не толькі за свабоду і незалежнасць, за непадзельнасць Украіны супраць расейскай агрэсіі, але ў той самы час і за Беларусь змагаюцца. Многія разумеюць, што калі прайграе Украіна, зразумела, прайграе не толькі Беларусь, але і Еўропа таксама, што яны не адны. Таму і байцам, а яны мне самі гэта выказвалі, дзякавалі за тое, што мы прыехалі, гэта было вельмі важна, што людзі прыехалі з Беларусі, што беларусы разам з імі. Таму маральную падрымку хоць такім чынам, я вырашыў аказаць. Я лічу гэта за свой маральны абавязак. І дзякуй Богу, што ў мяне гэта атрымалася. Ну і што вярнуўся адтуль цэлы і здаровы.

РР: Там ваююць і беларусы. Нядаўна быў цяжка паранены і памёр адзін з такіх добраахвотнікаў, Алесь Чаркашын з Берасця. Не сустрэлі землякоў?

Зміцер Захарэвіч: На жаль, з тымі беларусамі, сваімі знаёмымі, якія знаходзяцца на фронце, мне не давялося сустрэцца. Ну толькі размаўляў па тэлефоне. Некаторыя мае знаёмыя, Васіль Парфянкоў, напрыклад, казаў: „Зміцер, я зараз у Пясках. Перадавай прывітанне марыупальскім. Хай трымаюцца хлопцы. А мы ўжо Пяскі не аддадзім”.

Сустракаў там грузінаў, якія прыехалі добраахвотнікамі на фронт. Хлопцы казалі, што былі ў іх і палякі. Ну не ў такой колькасці, дарэчы, як беларусы альбо грузіны. Распавядалі пра чачэнцаў. Не пра кадыраўцаў, а менавіта пра чачэнцаў. Таму што тыя чачэцы, якія ваююць на ўкраінскім баку, яны казалі, што кадыраўцы гэта не сапраўдныя чачэнцы. І вельмі абражаліся, калі кадыраўцаў называлі чачэнцамі.

Zaharevichnatanke

РР: Афіцыйна там замірэнне, але амаль кожны дзень прыходзяць паведамленні пра забітых і параненых.

Зміцер Захарэвіч: Ездзячы па пазіцыях, бачыў і чуў штоночы, недзе пачынаючы з без дваццаці дзесяць  вечара і амаль усю ноч, пастаянна чутны выбухі. І прытым вельмі шчыльна, адзін за адным выбухі, час ад часу відаць сполахі – гэта ўначы. Але вось у мінулую пятніцу, калі я прыехаў на чарговы блокпост, каб выступіць з песнямі, з вершамі перад байцамі, сярод белага дня, прыкладна а 14-й, а палове на 15-ю быў сам сведкам, як выбухаюць, як разрываюцца міны. Фактычна патрапілі пад мінны абстрэл на тым блокпосце. Таму абстрэлы ідуць з боку сепаратыстаў, з боку прамаскоўскіх сіл штодня. Уначы з 26 на 27 жніўня вельмі моцна абстрэльвалася Шырокіна. Я самаго абстрэла не бачыў, але было чуваць добра. А на раніцу прыйшло паведамленне, што там, толькі паводле афіцыйных звестак, загінуў 21 вайсковец украінскі. Але гэта афіцыйныя звесткі, насамрэч там значна больш загінула. Таму я магу сказаць, што там да апошніх дней былі пастаянныя артылерыйскія абстрэлы. Страляюць са 120 міліметровых мінамётаў,  з артылерыі 152 калібра, з самаходных артылерыйскіх установак. Менавіта з тых відаў зброі, якая забаронена паводле  менскіх пагадненняў. Байцы распавядалі, што баявікі дзейнічаюць такім чынам: яны позна ўвечары, бліжэй да ночы, падводзяць гэтую цяжкую тэхніку, падвозяць артылерыю, вядуць артабстрэл і потым сыходзяць. І яшчэ немалаважная акалічнасць, чаму гэта робіцца ўначы, таму што ўначы з пазыцыяў з’язджаюць прадстаўнікі місіі АБСЕ. І прынамсі, я згадваў пра абстрэл удзень. Тады як толькі ў небе з’явіўся беспілотнік АБСЕ, то артабстрэл адразу скончыўся. Я гэтаму быў сведкам. Гэта ўсё было на маіх вачах.

РР: Як настрой тых, хто на фронце?

Зміцер ЗахарэвічНастрой баявы. Хлопцы гатовыя альбо стаяць да апошняга, альбо нават перайсці ў наступ, каб вызваліць, вычысціць Украіну, вызваліць сваю зямлю. Таму што вельмі шмат людзей ваюе, я сустракаўся з імі, з Данеччыны. З тых мясцінаў, якія акупаваны прарасейскімі сепаратыстамі і расейцамі. Яны гатовы ісці і гнаць іх да мяжы. Гэта адчуваецца з размоваў, па настроях. У многіх засталіся сем’і на занятых сепаратыстамі тэрыторыях. І хлопцы рэальна баяцца, што сем’і могуць пацярпець, калі там дазнаюцца, што яны змагаюцца за Украіну. Таму ёсць звесткі пра факты расстрэлу семьяў, калі сепаратысты дазнаваліся, што сын, ці брат, ці муж, ці бацька змагаюцца за Украіну.

Zaharevichivajary

РР: А што кажа мясцовае насельніцтва, марыўпальцы, жыхары тых вёсак, якія апынуліся на лініі агня?

Зміцер Захарэвіч: Зразумела, што любая вайна для любока чалавека – гэта трагедыя. І канешне, галоўны настрой, гэта відавочна з размоваў і з насельніцтвам і з валанцёрамі, якія дапамагаюць там, –  большасць людзей за тое, каб скончылася вайна. Як гаворыцца, абы не было вайны. Зразумела, ёсць пэўная частка, якая прытрымліваецца прарасейскіх поглядаў – гэта яны не адмаўляюць. Але ў той самы момант за той невялікі, кароткі час акупацыіі Марыупаля прпрасейскімі  сіламі многія зразумелі, што такое прыход, як бы не было, але чужога войска. І абыякавых значна паменшала. І вось не так даўно, у Марыўпале праводзілі марш вышыванак пад украінскімі сцягамі. І ўсе былі проста ўражаны, якая колькасць людзей выйшла на гэты марш. Таму ў людзей памалу, паціху прачынаецца разуменне, што ёсць нармальная, прызнаная ўсім светам украінская ўлада. Якая б яна ні была, але тым не менш, яна прызнана ўсім светам, яна імкнецца прытрымлівацца нормаў міжнароднага права, у адрозненні ад сепаратыстаў. І насамрэч, прарасейскія настроі змяншаююцца, і менавіта патрыатачныя ўкраінскія настроі ўзрастаюць сярод насельніцтва.

Zaharevichsliadyvajni

РР: Якія вашыя радкі з вершаў і песняў выклікалі найбольшы водгук сярод салдат?

Зміцер Захарэвіч: Найбольшы, калі проста такая цішыня станавілася, гэта лірыка. Зразумела, што проста людзі сумуюць па дому, па семьях, па сваіх каханых, па сяброўках сваіх. І менавіта лірычныя творы ў іх выклікалі найбольшую увагу. Шмат у мяне песень мілітарных, гістарычных, розным бітвам прысвечаных, але менавіта пра дом, пра каханых выклікала найбольшую ўвагу. Такая цішыня станавілася і вачох чытаўся такі сум. Людзі многія там ваююць без адпачынку блізу года, не бачачы сваіх родных, блізкіх.

РР: Пасля наведвання зоны антытэрарыстычнай аперацыі, што новага вы зразумелі для сябе. Можа, неяк па новаму зірнулі на канфлікт, на тое, чаму ён успыхнуў?

Зміцер Захарэвіч: Каб узнікла нейкае новая разуменне і адчуванне, то хутчэй не. Таму што, у прынцыпе, чаму гэта ўзнікла, мне зразумела. Я для сябе ўжо даўно вызначыўся і меркаванні не змяніліся. Я б сказаў так – прывёз адтуль іншыя ўражанні. Я пабачыў на ўласныя вочы, да якой ступені людзі гатовы ахвяраваць сваім жыццём, сваім здаро’ем. Нават спакоем сваіх блізкіх, каб жыла надалей, развівалася іхняя незалежная  дзяржава. Таму што толькі ў сваёй незалежнай, вольнай дзяржаве можа развівацца ў нармальных варунках, у нармальным рэчышчы любая нацыя, любы народ. І людзі гатовыя дзеля будучыні аддаваць свае жыцці, гатовыя бараніць гэтую будучыню.

Zaharevich

Зміцер Захарэвіч сказаў у завяршэнні размовы, што пакуль не напісаў вершаў і песень пра тое, што бачыў пад Марыўпалем. Але, безумоўна, тыя моцныя ўражанні набудуць з часам паэтычную і музычную форму.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя