„Змоўшчык” Юрый Зянковіч заключыў здзелку са следствам
„Змоўшчык” Юрый Зянковіч заключыў здзелку са следствам, піша праўладнае выданне sb.by. Дзяржабвінаваўца заявіў, што асноўны фігурант справы пра спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі „даў чыстасардэчнае прызнанне і спрыяў выкрыццю іншых удзельнікаў злачынства”. Якія ўмовы пагаднення, невядома.
Сам Зянковіч ніяк не каментуе выстаўленае яму абвінавачванне, не дае паказанняў. Ён заявіў суду, што выкажа сваё меркаванне толькі пасля таго, як будуць агалошаны матэрыялы справы і дапытаны сведкі. У выніку пракурор пачаў зачытваць матэрыялы крымінальнай справы. Справа разглядаецца ў Менскім абласным судзе.
Па версіі следства, абвінавачаныя рыхтавалі „дзяржаўны пераварот” у Беларусі. З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за „змоўшчыкамі” працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. Усе пяць чалавек былі затрыманыя вясной мінулага года.
Юрый Зянковіч на пачатку 2000-х з’ехаў у ЗША, стаў там юрыстам, атрымаў грамадзянства. Яго, як і Аляксандра Фядуту, затрымалі ў Маскве і вывезлі ў Беларусь.