Знайшлі мужчыну, які кінуў петарду ў амбасаду Беларусі
Віленская паліцыя паведаміла, што ўстанавіла асобу мужчыны, які падазраецца ў тым, што кінуў петарду на тэрыторыю амбасады Беларусі ў літоўскай сталіцы.
Пра гэта паведамляе інфармацыйны партал delfi.lt.
Апублікавана таксама фота падазраванага, зробленае з камер відэаназірання.
Прадстаўнік галоўнага камісарыята паліцыі Віленскай акругі Паўлюс Радзвілавічус паведаміў, што гэты чалавек раней у поле зроку паліцыі не трапляў. Яму выстаўленае падазрэнне ў парушэнні грамадскага парадку.
Як раней паведаміў прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Вільні Павел Слюнькін, увечары 18 траўня ў двор дыппрадстаўніцтва на вуліцы Міндоўга, 13, быў кінуты неўстаноўлены прадмет, як мяркуецца, петарда. Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся каля 20 гадзін. Ніхто не пацярпеў.