Знайшлі мёртвым яшчэ аднаго футбольнага фаната
Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёна Серабранка раніцай 5 верасня. Абставіны яго смерці незразумелыя нават блізкім сваякам.
«Аляксей жыў з бацькамі ў Бараўлянах, працаваў на аўтамыйцы ва Уруччы. 4 верасня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто не браў слухаўку, то выклік скідвалі.
А раніцай 5 верасня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў «Нашай Ніве» Аляксандр, стрыечны брат хлопца.
Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасля яны разглядалі цела сына ўжо дома.
«Цялесныя пашкоджанні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы збітыя, косткі збітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка… Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандр. — Афіцыйнае заключэнне аб смерці будзе праз месяц.
А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына смерці — атручванне невыяўленым рэчывам».
Гісторыя дзіўная. Ускладняецца яшчэ і тым, што загінулы Аляксей быў удзельнікам фанацкага руху — заўзеў за «Дынама».