Знак і Дылеўскі прыбылі на допыт у СК
Двое членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады — юрыст Максім Знак і кіраўнік страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі — прыбылі раніцай 21 жніўня на допыт у Следчы камітэт у межах распачатай крымінальнай справы па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса.
Інтарэсы Знака прадстаўляе адвакат Дзмітрый Лаеўскі, Дылеўскага — адвакат Дар’я Лапкіна.
Падтрымаць выкліканых на допыт прыйшло каля сотні грамадзян. Пры з’яўленні Знака і Дылеўскага людзі сталі апладзіраваць і скандаваць „Малайчына!”. Абодва прадстаўнікі прэзідыума КР нядоўгі час пагутарылі з прысутнымі.
Знак падзякаваў усім, хто прыйшоў падтрымаць, нягледзячы на тое, што ён прасіў людзей не прыходзіць. Ён заклікаў прысутных не чакаць заканчэння допыту, паколькі „у нас следчыя дзеянні могуць быць досыць павольнымі”.
Каментуючы інфармацыю пра выхад некаторых членаў КР з яго складу, Знак сказаў журналістам, што „некаторыя з тых, хто даў папярэднюю згоду на ўдзел, сказалі, што з улікам агучаных абвінавачванняў, з улікам рызыкаў удзельнічаць не могуць”. „За ўчарашні дзень адна заяўка паступіла аб адклiканнi [членства] ужо пасля распачынання крымінальнай справы. Дапускаю, што будзе больш. Гэта нармальна, калі некаторыя члены рады не будуць прымаць на сябе рызыкі”, — сказаў юрыст.
Сяргей Дылеўскі заявіў журналістам, што выклік на допыт у СК быў чаканым пасля таго, як з’явілася інфармацыя пра распачынанне крымінальнай справы.
Кажучы пра забастоўку на Мінскім трактарным заводзе, кіраўнік страйкама прадпрыемства сказаў, што „цяпер яна прыціхла”, таму што кіраўніцтва МТЗ патрабуе аформіць на яе неабходныя дакументы. „Як бы гэта дзіка не гучала, права людзей на забастоўку трэба пацвердзіць юрыдычна. Гэта абсурдная сітуацыя, але з гэтым трэба змірыцца, каб дзейнічаць у рамках заканадаўства. Зараз мы гэтым займаемся”, — растлумачыў Дылеўскі.
Ён дадаў, што рабочыя прадпрыемства пераважна перайшлі на так званую італьянскую забастоўку.
Паводле інфармацыі рабочага, страйкамы акрамя МТЗ у Менску створаныя на Мінскім аўтазаводзе, Мінскім маторным заводзе і Мінскім заводзе колавых цягачоў. „Не магу сказаць, ці ёсць яны на рысорным і шарыкам-падшыпнікавым заводах”, — адзначыў Дылеўскі.
Аб стварэнні КР Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, абвясціла 14 жніўня.
19 жніўня рада правяла першае пасяджэнне, на якім быў абраны прэзідыум. У яго склад увайшлі: лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, міжнародны медыятар Лілія Уласава, прадстаўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава і былы кіраўнік Купалаўскага тэатра, экс-дыпламат Павел Латушка.
Прынятая першая рэзалюцыя рады, у якой заяўлена, што Каардынацыйная рада не ставіць за мэту змену канстытуцыйнага ладу, а для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі патрэбныя перамовы і новыя выбары. КР ставіць за мэту пошук шляхоў для пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі і забеспячэння згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.
Генпракуратура Беларусі 20 жніўня паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці Каардынацыйнай рады распачатая крымінальная справа на падставе арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата Следчага камітэта праняло крымінальную справу да вытворчасці.
belapan.by