Знакі вайны на Палессі
Справа розных экспертаў – рабіць прагнозы і аналізы, часам неапраўданыя, але грамадства прыслухоўваецца. Да такой публіцыстыкі ўжо звыкліся, а ў пачатку ХХ стагоддзя гэта быў росквіт, як і ў цэлым масавага друкаванага слова. У сярэдзіне 1930-х гадоў з кожным варушэннем нацысцкага Берліна альбо чырвонай Масквы галасы экспертаў пра вайну гучалі ўсё больш і больш выразна.
Увогуле, у Еўропе смяротны подых вайны адчуваўся задоўга да драматычных падзей восені 1939 года. Магчыма, ёсць рацыя ў думках гісторыкаў, што Другая сусветная стала заканамерным вынікам Першай сусветнай. Як бы ні было, але мінулае не мае ўмоўнага ладу: сталася тое, што маем.
Дык вось, у газетах Польшчы таксама з’яўляліся нататкі пра магчымае ўварванне саветаў ці нацыстаў, краіна разумела, сярод якіх суседзяў давялося будаваць дзяржаўнасць. Але ж калі тыя часопісы чыталі ў буйных гарадах: сталіцы, ваяводскіх і павятовых цэнтрах, – то да глыбінкі даходзілі чуткі. Іншая рэч – на Палессі. Краіна багнаў мела свой светапогляд, лад жыцця і з’яўленне будзь-якога прадстаўніка ўлады значыла адно – нешта здарылася. Існаваў асобны свет сярод дрыгвы.
Прадбачылі трагедыю і палешукі, мелі ўласны метад, пра які і пойдзе гаворка.
Палескі краявід – сяло на рацэ, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
Нацысты – чорны арол, бальшавікі – гіганцкая пачвара
Выдатна вір падзей 1939 года адлюстраваў украінскамоўны пісьменнік Фёдар Одрач (1912-1964), ураджэнец Мясяціч (Пінскі раён), які акурат у верасні вяртаўся ў родны край з вучобы ў Вільні. Ён дакладна перадае сітуацыю тых дзён, з усёй асцярогай, хваляваннем і раставаннем мроі.
Ягоны бацька быў паралізаваны і моцна пакутаваў ад артрытызму (пэўна, Одрач меў на ўвазе падагру-аўт.), яму выкручвала рукі, ногі, што не мог паварушыцца. Стары ведаў на памяць усе главы Евангелле і меў вялікі дар прадбачання.
“Дзесьці ў палове лета 1939 года – атрымліваецца, паўтара месяца да вайны – ён ужо ведаў, што Польшча знікне. У яго проста адбылася прароцкая ява. Быў ён нібы ў полі, і на небе з’явілася двое арлоў. Адзін арол – чорны, іншы – белы. Арлы счапіліся. Яны білі кіпцюрамі адзін аднаго, стукаліся дзюбамі і затым, перакідаючыся ў паветры, упалі на зямлю. На зямлі далей білі адзін аднаго. Аж чорны арол магутна дзюбануў белага арла ў галаву. Той дрогнуў крыламі і прыпаў да зямлі мёртвы. Чорны арол тады падняўся ўверх і паляцеў высока, пад чорныя хмары. Гэта бачанне мой бацька цалкам “лёгка” патлумачыў. Белы арол – Польшча, чорны арол – Германія. Такім чынам, будзе вайна, і Нямеччына разаб’е Польшчу. Таму заняпад Польшчы для яго не быў нечаканасцю”.
Так бацька пісьменніка бачыў уварванне нацыстаў у Польшчу, якое сталася 1 верасня 1939 года, і пачалася крывавая Другая сусветная вайна (1939-1941). Бачыў паляшук і прыход саветаў.
“Было гэта таксама да вайны. Адно з бачанняў такое: чорная гіганцкая пачвара з разяўленай пашчай хутка рухаецца на захад. Пашча мае вострыя вялікія зубы, у пачвары трыццаць ног і доўгі змяіны хвост. Каго сустрэне на дарозе – паглынае: паглынае людзей, жывёл, нават дамы, гарады і вёскі. І ў гэтай пачвары мой бацька пазнаў бязбожны бальшавізм. Наогул, апошнія гады свайго жыцця бацька правёў, так скажу, у прароцкіх явах.”
Успаміны Фёдара Одрача не маюць цаны, і ў хуткім часе, разглядаючы першыя крокі саветаў на Палессі, вернемся да ягоных рукапісаў.
Селянін на дарозе Берасце-Пінск, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
Такое бачылі і раней
Калі пісьменнік занатаваў бацькоўскія явы, то людзі перадавалі з вуснаў. Дагэтуль захавалася некалькі цікавых гісторый, якія мелі месца напярэдадні вайны.
Жнівень 1939 года. Селянін з вёскі Невель (Пінскі раён) вывёў статак у поле і рушыў да вялізнага дуба, каб троху паесці. Пачуў моцны грукат, нібы на цагляную падлогу падае шмат злотых, падняўшы галаву ў неба, пабачыў, што крывёю сыходзіць польскі арол. Адразу ж кінуўся ў сяло і звар’яцела крычаў: “Быць людцы бядзе!”
Улетку таго ж гістарычнага года – а месяцы былі надзвычай цёплыя, скажам, нават сухія – адбылася яшчэ вядомая да нашых дзён цікавостка. Некалькі палешукоў накіроўваліся на рыбалку і па дарозе праз лес сустрэлі дзяўчыну, якая спытала ў мінакоў, мо маюць грэбень, каб косы выпрастаць. Якія грэбні на рыбалку, таму адказалі “не”, але пацікавіліся, што яна робіць тут адная. Дзяўчына ўсміхаючыся адказала: “Грыбы збіраю”. Здзівіліся мужыкі, пачасалі патыліцу ды рушылі далей. Уверы вярнуліся дамоў і распавялі. Нехта са старажыл адзначыў, што тое на вялікую вайну.
Дарэчы пра выпадак з дзяўчынаю і грабамі фіксавалі нават у расейскім друку яшчэ перад Першай сусветнай вайной. У містыцы гэта досыць распаўсюджаная з’ява, якую тлумачаць на трагедыю.
Палеская ідылія: вада на вуліцы, лодкі замест машын і курчыня, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
Верыць не верыць, а беражонага Бог беражэ
Як бачым, і без аналітыкаў палешукі адчувалі надыход чагосьці жудаснага, непазбежнай бяды. Нехта сыходзіў цэлымі сем’ямі яшчэ далей у глыб дрыгвы і бясконцых лясоў. Факт, што так утвараліся вёскі, хутары, якія перажылі крывавыя 1939-1945 гады. Мо сапраўды, калі людзі не губляюць сувязі з прыродай, чуюць родны край, то атрымоўваюць падказкі, натуральную перашкоду ворагам?
Калі да 1939 года палешукоў не надта турбавалі ўлады, то саветы праявілі надзвычайную назойлівасць, якая перакінула такі звычайны для сучаснікаў і ўнікальны для нашчадкаў лад…
Палескія хлопцы, якім хутка выпадзе вялікае выпрабаванне, і мо падзеліць на “ворагаў і сваіх”, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск