Знесены ў Кобрыне помнік Сувораву вернуць на месца
— Гэта чыстая выпадковасць! Кіроўца грузавой машыны здаваў заднім ходам. Злева-справа ёсць агляд, а ззаду проста па цэнтры помнік не ўбачыў. Толькі адчуў, што упёрся ў нейкую перашкоду – выкарчаваў яго, як дрэва, — распавядае Надзея Жук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама.
Здавалася б, нязначная навіна ўмомант разляцелася па сацсетках. Карыстальнікі тут жа ўцягнуліся ў спрэчкі аб тым, ці патрэбны Кобрыну помнік расійскаму палкаводцу, які ўдзельнічаў у падаўленні паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Але, як аказалася, гэта пытанне на парадку дня не стаіць. Помнік знеслі па выпадковасці, і пасля рэстаўрацыі яго вернуць на месца.
Гэта здарылася ў суботу днём. Грузавік мясакамбіната прывёз прадукцыю ў кафэ, якое знаходзіцца непадалёк ад музея-сядзібы Суворава. Кіроўца быў у Кобрыне першы раз, не ведаў, як пад’ехаць да кафэ — і трапіў у такое недарэчнае ДТЗ.
— Мы выклікалі ДАІ, дырэкцыю мясакамбіната. Страхавальнікі прыехалі, бо машына застрахаваная. Усе афіцыйныя працэдуры выкананыя, усё аформлена, — кажуць у аддзеле ідэалогіі. — Помнік вынеслі ва ўнутраны двор музея. Сам бюст не пашкоджаны, ён зроблены з бронзы, пацярпеў толькі пастамент — адляцела гранітная пліта. Як на злосць, гэта здарылася напярэдадні 70-годдзя музея — да нас праз тыдзень прыедуць госці. Рабочыя паабяцалі, што да юбілею яго адрэстаўруюць і вернуць на месца.
Дарэчы, гэты помнік быў адліты скульптарам Кюферле і усталяваны перад домам-музеем Суворава ў 1950-м годзе. А сам музей уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Усяго ў Кобрыне тры помнікі палкаводцу — яшчэ адзін бюст стаіць у парку імя Суворава, а ў цэнтры горада – скульптура генералісімуса ў поўны рост.