У Берасці затрыманы Дзмітрый Бекалюк (абноўлена)



Стала вядома, што Дзмітрый Бекалюк затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця як асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

***

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага завода „АйПаўэр” і адзін з яе лідараў Дзмітрый Бекалюк знік напярэдадні нядзельнай акцыі і шэсця па „кармленні галубоў” у Берасці.

Пра гэта ў сацыяльных сетках паведамляюць ягоныя паплечнікі і праваабаронцы, якія не выключаюць што знікненне з’яўляецца гвалтоўным:

– Тое, што мы бачым і з Дзімам Бекалюком, і з Майсеем, і з Таццянай Фесікавай. Гэта ідзе непрыкрыты наезд на грамадзянскую супольнасць Берасця.

Дзмітрый Бекалюк – актыўны ўдзельнік пратэстаў супраць запуску акумулятарнага завода „АйПаўэр” пад Берасцем. З гэтай нагоды яго неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі.

„Жонка і яго сябры абтэлефанавалі ўсе РАУСы (Берасця) і паўсюль паведамілі, што яго (Дзмітрыя) ў іх няма. Яго дзесці трымаюць, альбо ў кабінеце, альбо ў аўтамабілі”, – паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.