Знік відэаблогер Шэры Кот



Сябры просяць як мага шырэй распаўсюдзіць гэтую інфармацыю, бо відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры кот, перастаў выходзіць на сувязь яшчэ некалькі дзён таму.

Заставалася верагоднасць, што ён выправіўся ў Менск, каб узяць удзел у сённяшняй антыінтэграцыйнай акцыі. Але знаёмыя, з якімі ён збіраўся сустрэцца напярэдадні, яго не дачакаліся, паведаміў аршанскі актывіст Ігар Казмярчак:

– Учора ў яго павінны быў быць суд у Менску, у судзе Цэнтральнага раёну. Але на гэты суд ён не збіраўся. На Акрэсціна нам сказалі, што Дзмітрыя Казлова ў іх няма. У аршанскім ізалятары часовага ўтрымання яго няма таксама. Маглі, канешне, не сказаць праўды, але гэта не праверыш на дадзены момант.

У Дзмітрыя Казлова няма блізкіх сваякоў, таму запатрабаваць інфармацыю ад ІЧУ праблематычна. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ й тым, што тэлефон блогера, падобна, трапіў у чужыя рукі, працягвае Ігар Казмярчак:

– Вечарам учора з ягонай старонкі “В Контакте” пачалі рассылацца паведамленні, напісаныя не ў ягоным стылі. Накшталт “Мяне затрымалі, дужа патрэбныя грошы. Вышлі тысячу рублёў”. Відавочна, што мабільны тэлефон у чужых руках, бо сам бы ён такога не пісаў – не ягоны стыль.

Паведамленні, напісаныя па-беларуску і па-расейску, хаця ў жыцці Дзмітрый Казлоў расейскамоўны, больш не рассылаюцца. І месца знаходжання хлопца не вядомае. Праваабаронцы просяць усіх, хто нешта даведаецца пра лёс відэаблогера, тэрмінова патэлефанаваць па нумарах + 375298413981 (ПЦ “Вясна”, г. Менск) або + 375297119545 (Аршанская філія)

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск