Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў затрыманы міліцыяй (абноўлена)
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС Менска.
Пра гэта ў міліцыі паведамілі калегам журналіста.
З якой нагоды затрыманы Аляксандраў, у міліцыі паведаміць адмовіліся. Туды накіраваўся адвакат журналіста.
Андрэй Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня, „знайшоўся” — 13-га ў РУУСе.
Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 у Ніжнім Тагіле. Дзяцінства правёў у Паставах, там скончыў школу. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў ступень магістра медыяменеджмента ў Вестмінстэрскім універсітэце ў Лондане.
Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку.
У 2009-2012 гадах — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19.
У 2015-2018 гадах — намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
***
13 студзеня. Перастаў выходзіць на сувязь журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў.
Ён жыве ў Менску. Апошнім разам калегі размаўлялі з Аляксандравым 12 студзеня прыблізна ў 14.00. Цяпер тэлефон журналіста адключаны. Няма сувязі і з яго дзяўчынай.
Фота з асабістай старонкі Андрэя Аляксандрава ў facebook.com