Зніклага рыбака знайшлі ў машыне ў рацэ Мухавец
31 траўня ў рацэ Мухавец знайшлі цела 44-гадовага жыхара Жабінкі Сяргея Ўласюка, які 12 дзён знаходзіўся ў вышуку як зніклы без вестак.
Цела мужчыны знаходзілася на кіроўчым крэсле ў аўтамабілі Volkswagen Sharan, які выявілі вадалазы-ратавальнікі ў 70 метрах ад моста з боку вёскі Шчэглікі, паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова.
44-гадовы жыхар Жабінкі лічыўся ў вышуку як зніклы без вестак з 19 траўня. Падчас агляду слядоў крымінальнага характару на яго целе не выяўлена. Пры сабе ў яго было партманэ з дакументамі і грашыма. Фары аўтамабіля былі ўключаныя, замкі дзвярэй былі адкрыты.
«З мэтай высвятлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося, дапытваюцца блізкія загінулага, таксама для ўстанаўлення дакладнай прычыны яго смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза. Са слоў родных, мужчына ў адзіночку з’ехаў у той дзень на рыбалку. У дадзеным раёне яго бачылі мясцовыя жыхары », – дапоўніла Марына Дранькова.
Фота: fotobel.by