Зніклыя ў Гарадзенскай вобласці двое мужчын знойдзеныя мёртвымі



Як паведамляе УУС Гарадзенскага аблвыканкама, актыўныя пошукі грамадзян, якія адправіліся на рыбалку і перасталі выходзіць на сувязь, вяліся на працягу тыдня. Увесь гэты час месцазнаходжанне без вестак зніклых устанаўлівалі супрацоўнікі Смаргонскага РАУС, а таксама аператыўнікі крымінальнага вышуку УУС Гарадзенскага аблвыканкама. Таксама ў пошуках прымалі ўдзел супрацоўнікі МНС, валанцёры і мясцовыя жыхары.

У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў устаноўлены радыус, дзе могуць знаходзіцца зніклыя грамадзяне. 16 кастрычніка супрацоўнікі спецпадраздзялення „Алмаз” прачэсвалі возера Белае і знайшлі аўтамабіль, які знаходзіўся на дне, у ім былі зніклыя мужчыны.

Пры першасным аглядзе цел прыкмет гвалтоўнай смерці выяўлена не было. Паводле папярэдняй версіі, мужчыны заснулі ў машыне, якая з’ехала ў возера, і не змаглі выбрацца. Прызначана судова-медыцынская экспертыза.

belapan.by