Знізілася колькасць зваротаў нарказалежных грамадзянаў па медыцынскую дапамогу



У Беларусі крыху зменьшылі парог адказнасці за незаконны абарот наркатычных сродкаў. Цяпер за рэалізацыю ці выраб прадугледжаны тэрмін ад 3-х да 8-мі гадоў, а было ад 5-ці да 8-мі і затое ж, але зробленае групай асобаў ці з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў ад 6-ці да 15-ці, а было ад 8-мі да 15-ці гадоў.

«Узмацненне «антынаркатычнага заканадаўства» ў першую чаргу нанесла моцны ўдар па звычайным нарказалежным людзям, якія баяцца звяртацца па дапамогу», – адзначае эксперт грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» Аляксандр Павяльчук:

– Чым больш жорсткае антынаркатычнае заканадаўства, тым менш эфектыўна працуюць усе астатнія службы. Таму што любы наркаспажывец баіцца звяртацца па дапамогу. Калі ён звяртаецца па дапамогу ў наркалогію, гэта азначае тое, што ён ужывае наркотыкі. А калі ён ужывае наркотыкі, то ён дзесьці іх бярэ, значыць, ён можа іх захоўваць. Такім чынам падстаўляецца пад міліцэйскі кантроль, і рана, ці позна яго ўсё адно зловяць з наркотыкамі і пасадзяць у турму. А ўлічваючы тэрміны, якія зараз даюць за захоўванне, то вельмі складана… Ніхто не хоча зараз «свяціцца».

Таксама істотнае зніжэнне ў краіне зваротаў нарказалежных грамадзянаў па медыцынскую дапамогу ад моманту ўзмацнення «антынаркатычнага заканадаўства» фіксуюць у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Беларускае Радыё Рацыя