Знойдзены невядомы фотаздымак аднаго з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну



Да стагоддзя „Дня Герояў” у сацыяльных сетках з’явіўся раней невядомы фотаздымак аднаго з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, ці Слуцкага Фронту БНР 1920 года, Уладзіміра Пракулевіча.

Захоўваецца арыгінал фота ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Масквы. Гарадзенскаму гісторыку Аляксандру Горнаму фотаздымак пераслалі расейскія калегі Ігар Барынаў ды Генадзь Рыжэнка.

Кажа Аляксандр Горны:

– Было знойдзена некалькі спраў у гэтым архіве,  якія датычацца аднаго з лідараў  Слуцкага паўстання, кіраўніка беларускай Рады Случчаны – Уладзіміра Пракулевіча.Гэта яго студэнцкія справы, ён скончыў маскоўскі  ўніверсітэт, юрыдычны  факультэт. Уладзімір Пракулевіч уваходзіў у тую кагорту беларускіх дзеячаў, якія  мелі рэальную скончаную  вышэйшую адукацыю. Ён  меў дыплом  юрыста. І менавіта   ў гэтых  справах  знаходзяцца фотаздымкі, толькі  адзін здымак  Уладзіміра Пракулевіча – гэта з  яго  следчай справы –  Саюза вызвалення Беларусі.

На думку Аляксандра Горнага, публікацыя фотаздымка Уладзіміра Пракулевіча ў студэнцкія гады дае паўнейшае ўяўленне пра гэтага неардынарнага чалавека, душу Слуцкага беларускага руху сто гадоў таму.

Якуб Сушынскі,  Беларускае Радыё  Рацыя