Зноў аштрафавалі Таццяну Севярынец – за тое, што ішла ў гарвыканкам



12-га кастрычніка спадарыня Таццяна  і яшчэ паўтара дзясяткі людзей сталага веку вырашылі супольна пайсці ў віцебскі гарвыканкам, каб запісацца на прыём да старшыні.

Збірацца вырашылі ў панядзелак: у гэты дзень у Менску якраз праходзіў Марш пенсіянераў. Але ішлі спакойна, нічога не крычалі і ў ладкі не хлопалі, хаця ў пратаколе запісана зусім іншае, кажа Таццяна Севярынец:

– Скажу шчыра, я нават папрасіла: маўляў, давайце мы спакойна пройдзем да гарвыканкама. І з нашага боку не было ніводнага выкрыку – толькі адзін адказ на вітанне “Жыве Беларусь!” З намі прывіталіся, і мы адказалі: “Жыве!”. І ўсё. Напярэдадні мы ўбачылі карціны гвалту ў нас у Віцебску – збівалі пратэстоўцаў. І я прапанавала: мы павінны нешта рабіць. Мы, пенсіянеры, так, як мы можам!

Суддзя  райсуду Першамайскага раёна  Вераніка Барысава аштрафавала віцебскую актывістку на 30 базавых велічынь (810 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

Па гэтым самым артыкула 23.34 КаАП у райсудзе Кастрычніцкага раёна асудзілі ўдзельніцу мірных пратэстаў Таццяну Філімонаву. На яе думку, артыкул гэты несправядлівы:

– Я ў судзе сказала, што я выходжу, каб выказаць сваю пазіцыю, свой мірны пратэст супраць гвалту, які цяпер адбываецца. Дык а ў чым тады сэнс пратэсту,  калі на яго трэба браць дазвол, як яны кажуць у судзе. У чым сэнс свабоды слова, свабоды перакананняў, калі на свабоду трэба браць дазвол?

Пакінуўшы гэтае пытанне без адказу, суддзя суду Першамайскага раёна Ілля Белавус прысудзіў жанчыне штраф памерам 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск