Зноў затрыманы берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін



У Берасці затрыманы мясцовы блогер Сяргей Пятрухін. Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго 18 кастрычніка прыблізна ў 9.05 у двары ўласнага дома.

Як мяркуюць, Пятрухіна павезлі ў Ленінскі РАУС.

16 кастрычніка рашэннем суда Ленінскага раёна Берасця Пятрухін атрымаў пяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Пасля вынясення пастановы блогер заставаўся на волі.

15 і 16 кастрычніка раённы суд аштрафаваў васьмярых затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па пяць сутак адміністрацыйнага арышту прызначаныя апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу, Сяргею Пятрухіну і яшчэ аднаму блогеру, Аляксандру Кабанаву. Блогераў пасля суда не затрымалі.

Згодна са звесткамі на раніцу 18 кастрычніка, Кабанаў заставаўся на волі.

18 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна плануецца разгледзець адміністрацыйную справу Кісляка. „Міліцыя палічыла, што я, знаходзячыся ў натоўпе, падтрымліваў праціўнікаў гэтай будоўлі”, — паведаміў праваабаронца БелаПАН.

14 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці сабраліся прыблізна 120 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. У іх ліку быў Статкевіч. „Я прыехаў падтрымаць законныя патрабаванні людзей, таму што ўсю Беларусь спрабуюць ператварыць у атрутную звалку, — заявіў журналістам палітык. — Нават Кітай свае шкодныя адсталыя вытворчасці пераносіць у Беларусь. Я ўпэўнены, што гэта адбываецца за „адкаты”, і я ведаю, хто гэтыя „адкаты” атрымлівае„.

Пятрухін і Кабанаў разгарнулі транспарант „Не заводу АКБ”. Побач з гэтым транспарантам выступілі некалькі праціўнікаў будаўніцтва завода, а таксама Статкевіч. Блогераў і палітыка затрымала міліцыя.

Затым побач з плошчай і ля будынка Ленінскага РАУС былі затрыманыя яшчэ 12 актывістаў. У іх ліку трое падлеткаў, якіх адпусцілі з міліцыі пасля апытання. Пасля складання пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве таксама адпусцілі Людмілу Карчэўскую. Астатніх да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва. У прыватнасці яны падавалі заяўкі на правядзенне ў абласным цэнтры шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, але гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну — 29 красавіка. У той дзень на мітынг у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны.   БелаПАН